- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Ты гучы, мая родная мова!

 

Вось ужо трэці дзень у гімназіі № 1 Свіслачы вучні вітаюць адно аднаго толькі па-беларуску, усміхаюцца, жадаюць добрага дня, цудоўнага настрою і з нецярпеннем чакаюць незабыўных мерапрыемстваў. А адбываецца гэта таму, што гімназісты, настаўнікі і бацькі святкуюць Міжнародны дзень роднай мовы.

Вучні мелі магчымасць пазнаёміцца з малюнкамі юных мастакоў. “Малюем творы беларускіх аўтараў” – так называецца выстава. Тут хлопец з дзяўчынай пад казачным дубам Дануты Бічэль і непаўторныя родныя вобразы Якуба Коласа, стары лось з добрымі вачыма Генрыха Далідовіча і жураўлі з жалобным танцам Васіля Быкава, маёвая песня Максіма Багдановіча і развітанне з летам Янкі Купалы, сняжынкі за акном Паўлюка Труса і леснікова пасада Якуба Коласа.

А затым пачаўся мілагучны спеў… Адзін за адным вучні выходзілі наперад і з незвычайнай замілаванасцю і гонарам чыталі вершы беларускіх аўтараў пра роднае слова, родную зямлю, малую радзіму, беларускі народ. Надоўга запомніцца гэты дзень для Дар’і Кудраковай, Уладзіслава Калюты, Аляксандра Болбата, Анастасіі Курбат, Аляксандры Саўко, Марка Харчанкі, Дзмітрыя Лаўрыновіча і яшчэ многіх гімназістаў, якія неабыякавыя да праблем грамадства і дзяржавы.

Гучы і надалей, наша родная мова! Квітней, мой родны край!  

Інеса СЕМЯНЯКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
гімназіі № 1 імя К.Каліноўскага Свіслачы

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий