- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Ваўкавыскія школьнікі з любоўю да роднай мовы

 

Кожны год у лютым у сярэдняй школе № 5 Ваўкавыска праходзіць тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Трэба прызнацца, што яго ўсе вучні чакаюць з нецярпеннем, бо сапраўдным святам становіцца кожны дзень, напоўнены мноствам самых разнастайных мерапрыемстваў.

Гэты год не стаў выключэннем. Кожны дзень быў прысвечаны нейкай тэматыцы: дзень “Музычны”, “Інтэрактыўны”,  “Забаўляльны”,“Пазнавальны”, “Гасцінны”, “Літаратурны” і 21 лютага  – Дзень роднай мовы.

Праводзілася вялікая папярэдняя работа. Загадзя быў абвешчаны план тыдня і тыя конкурсы, у якіх вучні могуць прыняць удзел: кніжак-малышак “Рэцэпты маёй бабулі”, “Апранайся па-беларуску”, “Родны мой горад – любоў мая”, флаераў “Кажуць, мова мая аджывае…”, малюнкаў “Мой любімы літаратурны твор”, відэаролікаў  “Рэклама роднай мовы” і “Ваўкавыск – мая калыска”.

Раніца панядзелка запрасіла да ўдзелу ў акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”. Між іншым, вучням, настаўнікам і ўсім работнікам школы было прапанавана напісаць самае прыгожае беларускае слова. “Матуля”, “каханне”, “сінявокая”, “пяшчота” – колькі замілавання ў кожным гуку! У замен удзельнікі атрымалі каляндарыкі з рэкламай беларускай мовы. Спадзяёмся, што такія прыгожыя словы ў школе будуць гучаць кожны дзень!

А пасля ўрокаў школьную сям’ю сабрала свята беларускай песні. Як цудоўна і меладычна гучала роднае слова ў выкананні вучняў! Канцэрт праляцеў як адно імгненне. Вялікі дзякуй артыстам за тую шчырасць, любоў да мовы, Беларусі, якая адчувалася ў кожным выступленні!

Другі дзень быў названы “Інтэрактыўным”. Дарэчы, на перапынках вучні стараліся размаўляць па-беларуску. Пяцікласнікам прапанавалі інтэрактыўную гульню “Знаўцы беларускай мовы”. Яны з захапленнем разгадвалі загадкі, шарады і метаграмы, “падарожнічалі” па розных кутках Беларусі, слухалі песні ў выкананні беларускіх спявакоў. Пераможцамі аказаліся вучні 5 “А” класа. Не менш цікавым, а галоўнае, карысным, стаў конкурс “Разгадай фразеалагізм” –слоўнікавы запас навучэнцаў папоўніўся адметна. На сцэне ззялі чытальнікі твораў беларускіх класікаў. Пераможцамі сталі вучаніца 5 “А” класа Вера Нарута і вучаніца 9 “А” класа Яўгенія Трубач. А на сайце школы можна было ўбачыць лепшыя відэаролікі, таксама прысвечаныя мове.

У “Забаўляльную” сераду ўся школа гуляла ў гульні – дыдактычныя, конкурсныя, спаборніцкія. Але ўсе яны былі аб’яднаны роднай мовай. А таму ўспаміналі загадкі і прыказкі, творы беларускіх пісьменнікаў і вядомыя песні. Цікавым конкурсам стаў конкурс беларускіх скорагаворак.

Чацвёрты “Пазнавальны” дзень заклікаў вучняў прыняць удзел у Міжнародным конкурсе “Буслік”, а таксама ў акцыі “Пішам дыктоўку разам”, на якую былі запрошаны настаўнікі і вучні школы. Трэба адзначыць, што гэта акцыя ў нашай школе праходзіць ужо не першы год, і з года ў год папаўняецца колькасць дарослых, якія жадаюць праверыць свае веды па беларускай мове.

“Мы ўсім сваёй гасціннасцю вядомы”, – так пісаў Рыгор Барадулін. І гэта сапраўды так. Беларусы – народ гасцінны. Таму мы не маглі абмінуць гэтую якасць нашых землякоў, хацелася яшчэ раз паказаць, што наша культура багатая на розныя традыцыі, якія дасталіся нам у спадчыну ад дзядуль і бабуль. З даўніх часоў вядома, што нашы землякі заўсёды рады былі бачыць гасцей у сваёй хаце. Гаспадыні гатавалі розныя прысмакі, а рэцэпты перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Кожная сям’я захоўвае сакрэты прыгатавання розных страў. Нават самыя простыя дранікі не будуць аднолькавымі ў дзвюх розных гаспадынь. Рыхтуючыся да тыдня, мы аб’явілі конкурс кніжак-малышак. Адна з тэм – “Рэцэпты маёй бабулі”. Вучні з цікавасцю даведваліся рэцэпты прыгатавання нацыянальных беларускіх спраў, запісвалі іх, фатаграфавалі, падбіралі карцінкі і ўвесь матэрыял змяшчалі ў кніжцы.

І вось у пяты дзень тыдня ў школе адбылося сапраўднае свята! Былі прадстаўлены самыя папулярныя беларускія стравы: дранікі, пызы, кішка, крывянка, каўбаса, квашаная капуста і шмат іншых прысмакаў. Паспрабаваўшы іх, кожны з прысутных як бы перанёсся ў вёску да бабулі ў госці, дзе табе заўсёды рады і частуюць самым лепшым. Вядома, зараз можна многа розных гатовых страў купіць у магазіне, але нішто не заменіць нацыянальныя стравы, якімі славіцца беларуская кухня.

Шосты дзень мы прысвяцілі творчасці беларускіх пісьменнікаў і назвалі яго “Літаратурны”.

Конкурс-гульня “Родная мова, цудоўная мова!” быў праведзены для вучняў 6-х класаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся ў падарожжа па старонках любімых кніг: адказвалі на пытанні віктарыны, складалі пазлы па літаратурных творах, малявалі сваіх любімых герояў, інсценіравалі ўрыўкі з твораў.

А ўвечары вучні 9–11-х класаў прынялі ўдзел у квесце пад назваю “Вядомыя – невядомыя пісьменнікі”. Усе прысутныя падзяліліся на тры камнады. Кожная атрымала карту, на якой быў акрэслены маршрут падарожжа. Для наведвання і разгадкі былі прапанаваны пяць пунктаў. На кожным пункце трэба было расшыфраваць QR-код, у якім апісвалася заданне. Вучні пазнавалі пісьменнікаў па фотаздымках і вызначалі, кім па прафесіі былі Алаіза Пашкевіч, Алесь Разанаў, Аляксей Дудараў, Змітрок Бядуля, Янка Маўр, Цётка; разгадвалі псеўданімы; па прапанававаных малюнках вызначалі аўтара і назву твора, суадносілі цытаты з іх з ілюстрацыямі. “Пазнай родных пісьменнікаў” – так называўся чацвёрты пункт квеста, дзе вучні павінны былі пазнаць на фотаздымках Якуба Коласа і Янку Маўра, Рыгора Бардуліна, Максіма Танка, Яўгенію Янішчыц і Сяргея Панізніка, Івана Шамякіна, Змітрака Бядулю. Пяты пункт называўся “Знешняе падабенства”. Удзельнікі  разгадвалі, якіх знакамітых асоб нагадваюць Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Максім Багадановіч, Ніна Мацяш, Раіса Баравікова.

Вучні з цікавасцю вандравалі па прапанаваных маршрутах і выконвалі заданні. Школьнікі змаглі даведацца пра цікавыя факты з біяграфіі і творчасці беларускіх пісьменнікаў.  

Дзень сёмы – Дзень роднай мовы. Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта.

У гэты дзень мы вырашылі правесці акцыю “Родную мову – у кожны тэлефон”. Вучні і настаўнікі школы віншавалі са святам сваіх родных, блізкіх, знаёмых. Для некаторых было нечакана атрымаць віншаванне на роднай мове, хтосьці задумаўся, што напісаць у адказ. Але як прыемна было чытаць шчырыя словы віншавання, убачыць, як кожны пастараўся праявіць арыгінальнасць у складанні смс-паведамленняў!

На працягу тыдня дзейнічалі зменныя выставы: “Пісьменнікі – юбіляры”, “Смак роднай мовы”, “Паронімы па-беларуску”, “Размаўляй са мной па-беларуску”, “Ваўкавыск мінулы і сучасны…”.

У панядзелак на ўрачыстай лінейцы былі падведзены вынікі тыдня. Самыя актыўныя ўдзельнікі і пераможцы атрымалі ўзнагароды.

Вельмі спадзяёмся, што беларуская мова будзе гучаць з вуснаў нашых школьнікаў не толькі ў дзень роднай мовы.

Падрабязная інфармацыя на сайце: https://5volk.schools.by/pages/papuljaryzatsyja-belaruskaj-movy

 

Святлана ШЫБАЙЛА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 5 Ваўкавыска

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий