- МІНСК, Рэгiёны

Таямніцы родных слоў

 

Згодна з рашэннем генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ад 17 лістапада 1999 года 21 лютага адзначаецца Дзень роднай мовы. У нашай краіне гэта свята заўсёды праводзіцца ярка, цікава. Штогод да Дня роднай мовы прымеркаваны шматлікія мерапрыемствы. Хочацца расказаць пра адно з іх, якое было падрыхтавана і праведзена ў гімназіі № 24 Мінска.

Наша ўстанова адукацыі знаходзіцца ў самым цэнтры беларускай сталіцы, на вуліцы Iнтэрнацыянальнай. Назва яе месцазнаходжання вельмі сімвалічная, таму што гімназія аб’ядноўвае ў сваіх радах вучняў больш за 10 нацыянальнасцей. Напярэдадні Дня роднай мовы ў гімназіі адбылося пазакласнае мерапрыемства “Таямніцы родных слоў…”, якое правяла загадчык бібліятэкі Таццяна Шульская. Удзел у ім прынялі вучні пятых класаў. Падчас мерапрыемства гімназісты прачыталі па-беларуску вывучаныя імі вершы, а таксама прадэкламавалі іх у перакладах на іншых мовах: рускай, нямецкай, англійскай, армянскай, грузінскай. Гучала паэзія Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Караткевіча.

Пяцікласнікі таксама паўдзельнічалі ў гульні на самы хуткі і дакладны пераклад з рускай мовы на беларускую слоў з рознакаляровых ілюстрацый, паспрабавалі скласці ў адпаведным парадку прымаўкі і прыказкі са слоў, размешчаных на некалькіх папяровых аркушах. Вялікую цікавасць выклікалі заданні расказаць пра самую любімую прачытаную кнігу на беларускай мове, працягнуць выказванне “Маё першае слова на роднай мове…”.

Сапраўдную атмасферу беларускай культуры дапамаглі стварыць выстава “Кнігі роднай зямлі”, тэматычная экспазіцыя “Міжнародны дзень роднай мовы” і мультымедыйная прэзентацыя. 

Алена ПЕТРУСЕВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
гімназіі № 24 Мінска

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий