Да мовы роднай душой дакраніся

- 14:30ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

 

У яслях-садзе № 161 Гомеля па запыту бацькоў выхаванцаў адкрыта група з беларускай мовай навучання, якая працуе ўжо трэці год. Важным накірункам далучэння выхаванцаў да роднай мовы з’яўляецца знаёмства іх з народнай творчасцю. Таму фальклорныя святы “Багач”, Каляды”, “Масленіца”, “Гуканне вясны”, “Вялікдзень”, “Купалле” праводзяцца ў нашай установе кожны год.

Створаны ўмовы і абсталяванне, якія забяспечваюць яркую вобразнасць і нагляднасць для ўвядзення дзяцей у самабытны мір народнай культуры шляхам яго дзейнаснага засваення. Гэта куток беларускай хаткі, дзе прадстаўлены розныя прылады побыту беларускага народа, розныя тэматычныя выставы дэкаратыўна-мастацкай творчасці…

Акрамя таго што выхаванцы штодзённа знаёмяцца з разнастайнымі творамі беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў культуры, у нашым садзе стала добрай традыцыяй ладзіць цікавыя сустрэчы са знакамітымі дзеячамі Гомельшчыны. Такія мерапрыемствы дазваляюць дашкольнікам, бацькам і супрацоўнікам глыбей знаёміцца з творчасцю землякоў, з першых вуснаў пачуць цікавыя вершы, атрымаць майстар-класы, паслухаць цікавыя жыццёвыя гісторыі людзей, якія ўсёй душой адданыя сваёй радзіме, свайму народу і, безумоўна, роднай мове.

Пабывалі ў нашай гасцёўні паэтэса, член саюза пісьменнікаў Беларусі, Галіна Аляксандраўна Рагавая, паэт, пісьменнік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Беларускага саюза журналістаў Міхаіл Міхайлавіч Болсун, навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадства і беларускіх традыцый імя Ф.Г.Шклярава Аляксандр Сяргеевіч Нікіцін, гомельскі мастак Сцяпан Іванавіч Драмук.

Зразумела ж, мы адзначаем Міжнародны дзень роднай мовы. Сёлета святочнае мерапрыемства было прысвечана творчасці вядомага беларускага паэта і пісьменніка Якуба Коласа. На жаль, з-за эпідэміялагічных абставін свята прайшло без гасцей. Гучалі беларускія песні, вадзіліся карагоды, ладзіліся вясёлыя беларускія гульні. З вуснаў дарослых і дзяцей у гэты дзень гучала пявучая, лагодная, родная мова. Выхаванцы чыталі вершы Я.Коласа, для тэматычнай выставы зрабілі малюнкі, прысвечаныя яго творам.

Работа нашай дашкольнай установы ў кірунку далучэння да роднай мовы праводзіцца пад дэвізам: “Мову як і Радзіму, трэба любіць і паважаць, берагчы і ахоўваць”.

Ала ГРЫБ,
загадчык ясляў-сада № 161 Гомеля

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий