У сярэдняй школе № 1 Смаргоні прайшла чарговая сустрэча ў Школе Актыўнага Грамадзяніна на тэму “У адзінстве народа – сіла незалежнай дзяржавы”. Абмеркаванне тэмы ішло ў трох накірунках: “Народнае адзінства – залог шчаслівай будучыні Беларусі”, “Усебеларускі народны сход – падводзім вынікі, плануем будучыню”, “Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь: на варце бяспекі і суверэнітэту”.
У пачатку сустрэчы вядучыя распавялі навучэнцам пра асноўныя мерапрыемствы па кансалідацыі грамадства, згуртаванні беларускага народа на аснове ідэй суверэнітэту і незалежнасці краіны, запланаваныя ў 2021 годзе, які аб’яўлены Годам народнага адзінства. Асаблівы акцэнт быў зроблены на магчымасці падрастаючага пакалення прыняць удзел у шматлікіх праектах, акцыях, форумах, конкурсах, прысвечаных Году народнага адзінства.
У другім тэматычным блоку школьніам распавялі пра Усебеларускі народны сход як інстытут грамадска-палітычнага жыцця, яго мэты, гісторыю ўзнікнення і асаблівасці правядзення.
Інфармацыяй пра Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь скончылася тэарэтычная частка сустрэчы. Навучэнцы даведаліся пра структуру, аснашчэнне, дасягненні ваеннай арганізацыі дзяржавы, прызначанай для забеспячэння ваеннай бяспекі і ўзброенай абароны Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці.
Зусім нядаўна краіна адзначала Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, таму гэтаму тэматычнаму блоку надалі асаблівую ўвагу. Хлопцы і дзяўчаты чыталі вершы пра армію, праглядалі відэаролікі “Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць”, створаныя навучэнцамі нашай школы. Старшакласнікі шукалі адказ на пытанне: чаму 23 лютага – Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – свята сімвалічнага яднання мінулага і сучаснасці.
Вынікам сустрэчы стала абмеркаванне выказванняў вядомых людзей пра адзінства, армію, працу і інш. Вучні тлумачылі, як яны разумеюць той ці іншы афарызм, як ён суадносіцца з тэмай мерапрыемства.
У якасці рэфлексіі было прапанавана выбраць выслоўе, якое можна назваць асноўнай думкай праведзенага дыялогу. Большасць прысутных выбрала словы Антуана дэ Сэнт-Экзюперы “Усмешка яднае нас насуперак адрозненням моў, кастаў і партый”.
Таццяна ІСТРАЦЬКОВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Смаргоні