- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Знаходка года

 

Для ўдзелу ў абласным турысцка-краязнаўчым праекце “Ад вытокаў да будычыні” у Лойкаўскай сярэдняй школе Гродзенскага раёна створана каманда “Фенікс”.

У рамках пляцоўкі “Музеяманія” вучні выканалі праект “Знаходка года”. Юных даследчыкаў зацікавіў сялянскі кош, які быў перададзены ў школьны краязнаўчы музей “Вытокі”. Незвычайнасць прадмета – у яго вялікіх памерах і наяўнасці вечкі.

У працэсе рэалізацыі праекта ўдзельнікі каманды пазнаёміліся з гісторыяй лазапляцення, даведаліся, як нарыхтоўвалі лазу, якую тэхніку выкарыстоўвалі народныя майстры. Акрамя гэтага, навучэнцы атрымалі інфармацыю, што кош быў зроблены ў 30-я гады XX стагоддзя ў вёсцы Зарачанка Гродзенскага раёна майстрам А.А.Лабаноўскім і выкарыстоўваўся для захоўвання розных прадуктаў. Кош вяроўкай прымацоўваўся да столі ў кладоўцы, тым самым запасы ежы абараняліся ад грызуноў. У апошні час гэты прадмет захоўваўся ў сям’і дзяцей і ўнукаў майстра як памяць пра блізкага чалавека.

У хлопцаў і дзяўчат была магчымасць самім дакрануцца да народных рамёстваў. Для ўдзельнікаў каманды “Фенікс” быў праведзены майстар-клас, падчас якога ўсе жадаючыя паспрабавалі тэхніку пляцення. Вынікам гэтага сталі прэзентацыя і тэматычная экскурсія “Гісторыя аднаго кошыка”, праведзеная ў краязнаўчым музеі “Вытокі”. Характэрна, што экскурсію правяла праўнучка народнага майстра Ангеліна Жук, навучэнка 7-га класа.

Удзел у краязнаўчых праектах дае магчымасць зразумець, што перад намі не застылыя музейныя экспанаты, а пасведчанне жывой беларускай культуры. Мы бачым у такіх мерапрыемствах сувязь пакаленняў, значыць, пераемнасць захоўваецца.

Святлана ГЛІНА,
кіраўнік краязнаўчага музея “Вытокі”
Лойкаўскай сярэдняй школы
Гродзенскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий