- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Давайце радаваць планету добрымі справамі і ўчынкамі

 

Задача дарослых – з дашкольнага ўзросту падтрымаць у дзяцей цікавасць да прыроды роднага краю і выхаваць экалагічную культуру. З гэтай мэтай педагагічныя работнікі ясляў-сада № 1 Карэліч В.В.Старжынская і Н.Я.Скок распрацавалі і вырабілі аўтарскі дыдыктычны дапаможнік “Планету крыўдзім – планету радуем”.

Усе матэрыялы зроблены тэхнікай аплікацыі з бяспечнага для дзяцей матэрыялу – кардона, маюць яркі, прывабны выгляд. Мадэлі планеты намаляваныя гуашавымі фарбамі. Для трываласці, зручнасці і надзейнасці ў звароце ўсе дэталі ламінаваныя.

Дапаможнік уключае ў сябе серыю дыдактычных гульняў экалагічнага зместу, што спрыяе ў гульнявой форме рэалізаваць задачы адукацыйнай галіны “Дзіця і прырода” вучэбнай праграмы дашкольнага выхавання. За правільна выкананыя ўмовы кожнай дыдактычнай гульні ўдзельнікі атрымліваюць частку (пазл) каляровага малюнка планеты з усмешкай.

Так, у час гульні “Сартуем смецце” выхаванцы ахвотна згаджаюцца ратаваць планету ад рознагага смецця, рассартаваўшы яго ў смеццевыя кантэйнеры з умоўнымі пазначэннямі. А праз гульню “Кожнаму жыхару– свая хатка” хлопчыкі і дзяўчынкі старанна дапамагаюць жывым істотам патрапіць па месцы іх пражывання (у ваду, сад, агарод, поле).

Для фарміравання ў дзяцей ўменняў правільнага ўзаемадзеяння са светам прыроды падрыхтавана гульня “Выконваем правілы паводзін у прыродзе”, умовай якой з’яўляецца неабходнасць суаднесці правілы з забараняльным знакам. Кожнае дзіця ўжо ведае, што нельга разбураць птушыныя гнёзды, мурашнікі, патрэбна правільна збіраць грыбы і ягады, можа растлумачыць, чаму.

Гульня “Чыстае паветра” стымулюе ўдзельнікаў да разважання пра тое, якім чынам мы здольны ачысціць нашу планету ад забруджанага паветра. Усе разам прыйшлі да высновы, што патрэбна саджаць дрэвы, аддаваць перавагу здароваму ладу жыцця (хадзіць пешшу, па магчымасці адмаўляцца ад транспарту) і г.д.

Для выхавання ў дзяцей імкнення актыўна ўдзельнічаць у ахове прыроды з’явілася думка стварыць гульню “Чырвоная кніга прыроды”. З прапанаваных схематычных картак розных раслін і жывёл патрэбна пазнаць і размясціць у макет кнігі тыя, якія занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (белы гарлачык, жоўты гарлачык, сон-трава, зубр, жук-алень, мядзведзь, журавель, чапля і інш.).

Нашы выхаванцы добра ведаюць, як і чаму трэба берагчы прыродныя рэсурсы, дэманструюць уменні эканомнага выкарыстання вады не толькі ў час гульні “Беражом ваду”, але і ў паўсядзённым жыцці.

Такім чынам, выкарыстанне гульнявога дапаможніка “Планету крыўдзім – планету радуем” абагульняе і сістэматызуе веды дзяцей пра спосабы вырашэння некаторых экалагічных праблем, а таксама дапамагае павысіць узровень экалагічнай культуры .

У вольны час мы праводзім з выхаванцамі абмеркаванне важнасці правільнага ўзаемадзеяння са светам прыроды, станоўчых, клапатлівых і беражлівых да яго адносін, адказнасці за стан прыроды наваколля, і ўсё гэта дзеля таго, каб радаваць нашу планету добрымі справамі і ўчынкамі.

Наталля СКОК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада № 1 Карэліч

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий