- Адукацыя ў асобах

Гісторыя жыцця ў гісторыі ўніверсітэта

 

Сорак сем гадоў плённай працы. Менавіта столькі аддаў дзейнасці ў сферы адукацыі прафесар кафедры тэхнічнай эксплуатацыі аўтамабіляў Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, доктар тэхнічных навук Ігар Сяргеевіч Сазонаў. Прычым у яго працоўнай кніжцы ўсяго адзін запіс пра месца працы – усе гэтыя гады Ігар Сяргеевіч працаваў у стаўшай ужо роднай яму УВА.

Жыццёвы шлях прывёў яго ў БРУ, а дакладней, у тагачасны Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут, у канцы шасцідзесятых. Юнаком, які толькі скончыў школу, ён прыйшоў сюды свядома. Хоць спачатку і вагаўся ў прафесійным выбары.

– У падлеткавым узросце думаў, што стану медыкам. І бацькі накіроўвалі мяне на гэту прафесію. Але потым выпадак павярнуў мае імкненні ў іншым напрамку. Вырашыў падаваць дакументы ў наш мясцовы машынабудаўнічы інстытут, вучыцца на інжынера-механіка, – паведаміў І.С.Сазонаў.

Пастаўленых мэтаў ён прывык дасягаць, таму неўзабаве стаў студэнтам. Вучоба падабалася, курс за курсам неяк незаўважна праляцеў час.

– Я быў дапытлівым студэнтам і скончыў інстытут з дыпломам з адзнакай. Але працаваць на вытворчасць так і не паехаў. Запрасілі застацца ў інстытуце ў якасці асістэнта – я тады пагадзіўся. З той пары сцены інстытута сталі для мяне другім домам, – распавёў Ігар Сяргеевіч.

І сапраўды гісторыя яго жыцця цесна пераплеценая з гісторыяй сённяшняга Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Доўгі час ён працаваў тут старшым выкладчыкам. Пасля быў загадчыкам кафедры, потым дэканам будаўнічага факультэта. Дарэчы, І.С.Сазонаў доўга вагаўся ці згаджацца на гэту пасаду.

– Для мяне прапанова стаць дэканам стала поўнай нечаканасцю. Будаўнічы факультэт тады толькі стварылі. Ды і мой профіль быў некалькі іншым. Але адступаць перад цяжкасцямі – не ў маіх прынцыпах. У выніку за шэсць гадоў плённай працы на новым факультэце з’явілася добрая матэрыяльная база, цудоўны педагагічны калектыў, – адзначыў Ігар Сяргеевіч.

Працаваць І.С.Сазонаў прывык прадуктыўна, з поўнай самааддачай. Але чарговае павышэнне па працы зноў стала для яго непрадбачанай падзеяй. У 1998 годзе ён быў назначаны рэктарам.

– Перш чым узначаліць нашу УВА, доўга разважаў. Ці спраўлюся, ці змагу рэалізаваць пастаўленыя задачы? Тады мяне вельмі падтрымала жонка – Ала Міхайлаўна. Яна таксама педагог, кандыдат педагагічных навук. Навогул, усе мае пачынанні яна заўжды падтрымлівала. Гэта натхняла, прымушала паверыць у тое, што ўсё атрымаецца, – расказаў І.С.Сазонаў.

Ігар Сяргеевіч быў на пасаде рэктара 20 гадоў і 20 дзён. Сімвалічна. Але значна, што за гэты час УВА перацярпела істотныя змены. З рэгіянальнага Магілёўскага машынабудаўнічага інстытута ператварылася ў міждзяржаўную адукацыйную ўстанову Беларуска-Расійскі ўніверсітэт.

– Мне заўсёды хацелася вывесці нашу УВА на новы ўзровень, падняць яе рэйтынг. Пры гэтым я імкнуўся да таго, каб універсітэт быў не аб’ектам, а суб’ектам рэформаў, мог сам вырашаць свой лёс, вызначаць стратэгію свайго развіцця. Па гэтай прычыне як кіраўнік заўсёды стараўся быць у курсе навейшых тэндэнцый у сферы адукацыі, пастаянна вывучаў эфектыўны вопыт як айчынных, так і замежных педагогаў. Лічу, што сістэма адукацыі павінна мяняцца згодна павеваў часу. А перашкаджаць гэтым пераменам – контрпрадуктыўна, – перакананы І.С.Сазонаў.

Амбіцыйнымі мэтамі і планамі Ігару Сяргеевічу ўдалося захапіць увесь педагагічны калектыў. Нават больш таго, яму ўдалося стварыць каманду аднадумцаў.

– Сумеснымі намаганнямі ўсяго калектыву мы сапраўды шмат чаго станоўчага змаглі дасягнуць. Ужо ў 2000 годзе машынабудаўнічы інстытут атрымаў статус універсітэта, – заўважыў Ігар Сяргеевіч.

У пачатку двухтысячных на вышэйшым узроўні было прынята рашэнне аб стварэнні сумеснай УВА Саюзнай дзяржавы. Узначалены І.С.Сазонавым педагагічны калектыў вырашыў паспрабаваць рэалізаваць гэтую задачу. А сам Ігар Сяргеевіч стаў ініцыятарам і адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі функцыянавання і стварэння такой установы вышэйшай адукацыі. Пры яго непасрэдным удзеле была распрацавана сістэма атэстацыі маладых спецыялістаў, якія навучаюцца па расійскіх адукацыйных праграмах.

– Дзякуючы агульнай зацікаўленасці і згуртаванасці ў нашага калектыву тады ўсё атрымалася. У 2003 годзе пасля падпісання адпаведнага міжурадавага пагаднення быў адкрыты Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. У яго склад увайшоў таксама профільны каледж, а пасля пры ўніверсітэце быў створаны агульнаадукацыйны ліцэй. Такім чынам мы дасягнулі таго, каб у кожнай навучальнай групе быў сфарміраваны касцяк з высокаматываваных студэнтаў, – растлумачыў прафесар.

Адметна, што Ігар Сяргеевіч заўсёды задумваўся пра тое, як дапамагчы ў набыцці прафесіі маладым людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Па яго ініцыятыве ў свой час у архітэктурна-будаўнічым каледжы ажыццяўлялася навучанне рабят з парушэннямі слыху і маўлення.

Навогул, разам з камандай аднадумцаў у І.С.Сазонава атрымалася рэалізаваць ва ўніверсітэце шэраг разнастайных інавацый. Пад кіраўніцтвам Ігара Сяргеевіча была распрацавана сістэма менэджменту якасці ўніверсітэта, а таксама ўваходзячых у яго склад ліцэя і каледжа. У адукацыйны працэс быў укаранёны модульна-рэйтынгавы кантроль паспяховасці і інтэрнэт-тэсціраванне студэнтаў. Таксама быў падрыхтаваны вучэбны партал і пачата навучанне студэнтаў у дыстанцыйнай форме. А яшчэ – ва ўніверсітэце адкрылі філіял Франка-Беларускага інстытута кіравання. Гэта дало магчымасць студэнтам навучацца ў французскай УВА з атрыманнем дыплома еўрапейскага ўзору. Важнай падзеяй стала таксама ўзвядзенне новага вучэбнага корпуса з сучаснымі навуковымі лабараторыямі і навейшым абсталяваннем.

– Сёння БРУ – адна з вядучых устаноў вышэйшай адукацыі ў краіне. Універсітэт вядомы і на міжнародным узроўні. Мне прыемна, што ў гэтых дасягненнях ёсць і нейкі мой унёсак, – падзяліўся Ігар Сяргеевіч.

Значна, што пры каласальнай штодзённай загрузцы як кіраўніка І.С.Сазонаў ніколі не пакідаў заняткі навуковай дзейнасцю.

– Навукова-даследчай працай я захапіўся яшчэ будучы асістэнтам. Вельмі вялікі ўплыў тады аказаў на мяне калега па кафедры Валерый Андрэевіч Кім. Можна сказаць, менавіта ён сфарміраваў мяне як навукоўца. А ў далейшым у суаўтарстве мы напісалі некалькі вучэбных дапаможнікаў, – расказаў Ігар Сяргеевіч.

А ўсяго за гады ў навуцы І.С.Сазонавым апублікавана звыш 160 навуковых і вучэбна-метадычных работ, у тым ліку шэсць манаграфій, тры падручнікі, 33 аўтарскія пасведчанні і патэнты, у ліку якіх нават Еўразійскі. Важна, што па ініцыятыве Ігара Сяргеевіча ва ўніверсітэце была створана сістэма бесперапыннай падрыхтоўкі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі па спецыяльнасці “Колавыя і гусенічныя машыны” з адкрыццём савета па абароне доктарскіх дысертацый.

Заняткі навукай заўсёды былі адным з прыярытэтаў яго работы. Зараз Ігар Сяргеевіч займаецца падрыхтоўкай магістрантаў і аспірантаў, з’яўляецца кіраўніком створанай ім навукова-педагагічнай школы, у якой два доктара і пяць кандыдатаў навук. Акрамя таго, прафесар ажыццяўляе навуковае кіраўніцтва і непасрэдна ўдзельнічае ў выкананні фундаментальных і дагаворных навукова-даследчых работ ва ўніверсітэце. Узначаленым ім навуковым калектывам быў створаны ўзор падвескі сядзення вадзіцеля, які паспяхова прайшоў завадскія палявыя выпрабаванні на Мінскім трактарным заводзе.

Добрасумленная праца І.С.Сазонава як выкладчыка, спецыяліста, навуковага супрацоўніка і арганізатара адукацыі вышэйшай школы адзначана шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх званне “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, медаль “За працоўныя заслугі”, знак адрознення “Ганаровы работнік вышэйшай прафесійнай адукацыі” Міністэрства адукацыі і навукі РФ.

Сёння Ігару Сяргеевічу ўжо семдзесят. Ён даўно на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму ў педагагічным страі. Цяпер, акрамя навукі, важнай часткай яго працы зноў стала выкладанне. Ён чытае студэнтам аўтарскія курсы лекцый па дзвюх спецыяльнасцях.

– Навуковая і выкладчыцкая дзейнасць, як і раней, прыносіць вялікае задавальненне, таму ў бліжэйшых планах у мяне – працягваць працаваць на карысць роднага ўніверсітэта, – запэўніў І.С.Сазонаў.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий