- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Квест-гульня для дашкалят

 

У апошні час квест-гульня набірае ўсё большую папулярнасць ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Гэта не дзіўна, бо яна прывабная для дзіцяці, дазваляе актывізаваць яго ўвагу і развіваць пазнавальныя інтарэсы падчас выканання заданняў, а педагогі маюць магчымасць камбінаваць розныя віды дзіцячай дзейнасці. Вось і ў яслях-садзе № 2 Свіслачы была праведзена захапляючая экалагічная квест-гульня “Зімовая кніга для Мядзведзя” з выхаванцамі другой малодшай групы.

Гульня пачалася з таго, што ў групу да дзяцей прыйшла Маша і прынесла з сабою “чароўную кнігу”, якую яна падрыхтавала для свайго сябра Мядзведзя. Але ўсе старонкі ў кнізе “замяла” Мяцеліца. Каб вярнуць малюнкі ў кнігу, дзецям трэба было адправіцца ў “зімовы лес”, знайсці канверты з заданнямі і выканаць іх. У дапамогу дзеці ўзялі з сабою сняжынку-падказку з рознакаляровымі праменьчыкамі. Кожны праменьчык у сняжынцы адпавядаў колеру канверта.

У ходзе гульні выхаванцы знайшлі шэсць канвертаў, у кожным з якіх былі прадстаўлены заданні ў выглядзе загадак, гульняў, сюжэтных малюнкаў. За кожнае выкананае заданне дзеці атрымлівалі старонку з кнігі.

У першым заданні трэба было адгадаць загадкі пра зімовыя з’явы прыроды. Хлопчыкі і дзяўчынкі адгадалі іх усе, наперабой выкрыкваючы правільныя адказы. А затым старанна вучылі Машу выконваць дыхальную гімнастыку “Снегапад”.

У другім канверце ляжалі разрэзаныя малюнкі, з якіх дзеці павінны былі скласці зімовае сонейка. А каб яно свяціла яшчэ ярчэй, дашкаляты з дапамогай прышчэпак падарылі сонцу праменьчыкі.

Колькі захаплення было ў малых, калі яны знайшлі наступны канверт, у якім схавалася маленькая скрыначка з ільдзінкамі. Кожны з выхаванцаў змог узяць ільдзінку ў рукі, расказаць, якая яна і ў што ператвараецца ў далонях. Каб трошкі сагрэцца, дзеці пагулялі ў рухомую гульню “Мы мароза не баімся”.

З наступным заданнем хлопчыкі і дзяўчынкі таксама справіліся вельмі хутка. Прапанаваліся малюнкі дрэў і кустарнікаў у розныя поры года. Трэба было адабраць толькі тыя, якія адпавядаюць зімоваму пейзажу. Выканаўшы гэта заданне, дзеці прыйшлі да высновы, што зімою дрэвы голыя, на іх няма лісточкаў.

Потым разам з Машай дашкаляты шукалі выявы звяроў, якіх можна сустрэць у зімовым лесе. Яны падрабязна расказалі дзяўчынцы, якія жыхары лесу мяняюць колер сваёй шубкі, а якія праспяць усю зіму.

Цікавай і захапляльнай для дзяцей была апошняя гульня “Пазнай птушку, якая схавалася ў снезе”. Па характэрных прыметах знешняга выгляду птушак выхаванцы змаглі іх распазнаць. Потым выканалі пальчыкавую гульню “Кармушка”, якая дазволіла яшчэ раз паўтарыць назвы зімуючых птушак.

Колькі радасці ў вачах можна было ўбачыць у хлопчыкаў і дзяўчынак, калі старонкі “вярнуліся” у кнігу! З якім задавальненнем яны аддавалі гэтую кнігу Машы!

Падчас квест-гульні выхаванцы не толькі сістэматызавалі веды пра прыметы зімы, пра змены, якія адбываюцца ў жыцці жывел і птушак у зімовы перыяд, але і атрымалі добры настрой і шмат яскравых эмоцый ад прыгодніцкай гульні.

Лілія БАЖОК,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 2 Свіслачы

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий