Падарожжа ў этнаграфічны комплекс “Наносы-Наваселле”

- 19:25ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Апошнім днём каляндарнай зімы вучні Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы адправіліся ў чарговае падарожжа. На гэты раз была замоўлена экскурсія ў этнаграфічны комплекс “Наносы-Наваселле” Мядзельскага раёна.

Нас сустрэў прыветлівай усмешкай і гасцінна запрасіў у музейны комплекс экскурсавод Віктар. Адразу наведалі музей самавараў. Гэта сапраўдны цуд! Было ўражанне, быццам мы апынуліся на фабрыцы, дзе вырабляюць гэты посуд: у двухпавярховым будынку ўсюды стаяць самавары розных памераў і формаў. Калекцыя налічвае 569 экспанатаў! І ні аднаго аднолькавага! І вучням, і настаўнікам цікава было слухаць аповед Віктара пра гісторыю ўзнікнення незвычайнага посуду, пра самавары з самой Тулы, пра сапраўдных майстроў самаварнай справы. Вызвала цікавасць таксама і выстава манет, і невялікая экспазіцыя, прысвечаная Першай сусветнай вайне.

Затым нам расказаліпра ветраны млын, які быў пабудаваны ў 1876 годзе і захаваўся ў такім выглядзе да нашых дзён, хоць цяпер ён і не працуе. Гэты млын перавезены ў Наносы з Ляхавіцкага раёна. Не менш цікавым быў і вадзяны млын. На ім і сягоння мелюць муку, з якой выпякаюць вельмі смачны духмяны хлеб.

А колькі радасных эмоцый, асабліва ў хлопчыкаў, вызвала наведванне музея рэтра-тэхнікі! У некаторых машынах нават можна было пасядзець за рулём. А нам, дарослым, успаміналіся кінафільмы з такімі аўтамабілямі.

Пасля таго як мы пачаставаліся гарачымчаем з абаранкамі, нас чакала яшчэ адно цікавае мерапрыемства – коннае шоу. Падчас выступлення коней не маглі стрымаць эмоцый ні дзеці, ні дарослыя і ад душы апладыравалі чацвераногім артыстам. Усе атрымалі вялікае задавальненне ад убачанага. А пасля прадстаўлення мы змаглі нават пагладзіць жывёл і сфатаграфавацца з імі.

Развітаўшыся з нашым прыемным экскурсаводам, крыху стомленыя, але ў добрым настроі ў другой палове дня мы вярнуліся дадому.

 

Людміла РАМАНОЎСКАЯ,
настаўнік
Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы
Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий