- ГОМЕЛЬШЧЫНА, Рэгiёны

Рэгіянальная народная культура: выяўленне, захаванне і трансляцыя ў сучаснае асяроддзе  

 

На сайце ясляў-сада № 9 Мазыра з’явіўся аўтарскі блог “Віртуальная экскурсія ў міні-музей вышыўкі”.

Чаму нам спатрэбіўся менавіта віртуальны міні-музей? Адказ на гэта пытанне вельмі просты: у нашай установе на базе адной з груп дзейнічае сапраўдны міні-музей вышыўкі. Яго збіралі па крупінках супрацоўнікі ўстановы і бацькі. Усе групы маюць магчымасць прыйсці на экскурсію, каб пазнаёміцца з вышыўкай Беларусі. А як наш музей цікавіць бацькоў, бабуль і дзядуль, якія прыходзяць упершыню ў нашу группу! Яны цікавяцца гісторыяй вышыўкі, асаблівасцямі беларускага арнаменту, задаюць шмат пытанняў наконт разнавіднасцей вышыўкі і г.д., некаторыя прыносяць вышытыя рэчы, каб папоўніць нашу калекцыю.

Блог – гэта інструмент, з дапамогай якога можна расказаць пра сябе, распаўсюдзіць ўласныя думкі і тварэнні. Ён дазваляе весці гутарку тады, калі зручна кожнаму з карыстальнікаў, бо не ва ўсіх ёсць магчымасць паглядзець і дакрануцца да часцінкі беларускай культуры. Таму мы і вырашылі стварыць віртуальны міні-музей вышыўкі, каб людзі ведалі, бачылі, што беларуская культура жыве, жыве ў гэтых вышытых доўгімі цёмными вечарамі рэчах.

На галоўнай старонцы віртуальнага падарожжа ў міні-музей вышыўкі нас сустракае карта народных строяў Беларусі, на якой можна ўбачыць асаблівасці і каларыт абласных народных беларускіх касцюмаў. У раздзеле “Сакрэты арнаменту” вы пазнаёміцеся з асаблівасцямі арнаменту, даведаецеся пра што можа расказаць беларускі арнамент, для чаго ён патрэбны. Раздзел “Экспанаты міні-музея” распавядзе пра тыя рэчы, якія знаходзяцца менавіта ў нашай установе дашкольнай адукацы: гэта больш як 20 вышытых сваімі рукамі карцін і 10 сурвэтак, якія сабраны з усяго рэгіёну, ручнікі, фартух, жаночая спадніца, вышытыя навалачкі, жаночая сукенка, мужчынскі і жаночы народныя касцюмы. У рубрыцы “Фотагалерэя” можна паглядзець фотасправаздачу пра мерапрыемствы, заняткі, якія праводзяцца ў міні-музеі.

Работа па напаўненні інфармацыяй віртуальнага міні-музея працягваецца, але з асноўнымі раздзеламі ўжо можна азнаёміцца, завітаўшы да нас у госці па спасылцы:http://minimuseumvyshivki.simplesite.com/

Віртуальная экскурсія ў міні-музей вышыўкі служыць папулярызацыі матэрыяльнай спадчыны, гістарычных традыцый, абрадаў, звычаяў. Вось такім чынам мы адраджаем беларускае, выхоўваем патрыятычныя пачуцці ў дзяцей і ў бацькоў, пачуцці любові да роднага краю і гонару за яго.

Ірына АРЦЮШЫНА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 9 Мазыра

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий