- Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Метадычка

Рыгор Барадулін. Паэт з божай іскрай у душы

 

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 22 Гродна

 

 

2 сакавіка 2014 года ўсім беларускім светам мы праводзілі ў апошні шлях Паэта з божай іскрай у душы, чарадзея паэтычнага радка, філосафа беларускага жыцця – Рыгора Барадуліна. Але і сёння не заціхае гучнае слова паэта, строгае і лагоднае, добразычлівае і мужнае. Як тая рупная пчала, ён поўніць соты сваёй паэзіі, соты свайго жыцця, у якіх за 79 пражытых гадоў “было-было: і вехаў, і дарог”.

Не перабольшу, калі акрэслю талент Барадуліна, намінанта на Нобелеўскую прэмію, як найбольш яркі і арыгінальны. На яго рахунку больш за 70 зборнікаў лірыкі, гумарыстычных вершаў, твораў для дзяцей, перакладаў, кніг эсэ і ўспамінаў. Таксама ўбачылі свет 23 зборнікі паэзіі перакладаў з іншых моў свету (творы А.Міцкевіча, Д.Байрана, Я.Райніса…).

Беларусь невыпадкова называюць краінай бліскучых жывапісцаў роднага слова. Кожны яе гожы куточак спрыяе ўсходам паэтычных парасткаў. І малая радзіма Рыгора Барадуліна не выключэнне.

Хутар Верасоўка, Верасовачка… Якраз тут пачаў круціцца яго жыццёвы калаўрот. Тут яго карані, радня і, канечне, душа… Адсюль, з ушацкага прыстанку, была ўзята пуцёўка на літаратурную працу, на жыццё. Наогул кажучы, сэрца яго глыбока і моцна зраслося з ушацкімі дарогамі, рэкамі, пяскамі, азёрамі, і на гэтай кроўнай повязі з зямлёй бацькоў трымаецца свет барадулінскай паэзіі. “Пясок Ушач – пачатак мой і скон…”

Сын ушацкай зямлі, Рыгор Барадулін нямала пабачыў і перажыў. Веч- най застаецца для паэта памяць вайны. Памяць даўжынёю ў жыццё. Гэта плач і праклён ёй, ненавіснай і ненажэрнай вайне, гэта і рэквіем абпаленаму, знявечанаму дзяцінству, калекам, удовам, сіротам і, нарэшце, загінуўшаму бацьку. Таму творы паэта пра вайну, безумоўна, успрымаюцца сёння на ўроках беларускай літаратуры не толькі як творы пра абяздоленае вайной дзяцінства, сірочае юнацтва і самотную сталасць. Яны ўспрымаюцца як мужны і суровы роздум пра трываласць тых маральных асноў, на якія павінны абапірацца дзеці; гучыць напамін і запавет сучаснікам захоўваць вольнай родную зямлю: каб не свісталі кулі, каб зязюлі не стамляліся лічыць гады шчаслівага жыцця.

Несумненна, вечны арыенцір для паэта – вобраз маці, Акуліны Андрэеўны, “асвячае і асвяшчае” ўсю творчасць Рыгора Барадуліна. Яна – бясконцы напамінак, як трэба жыць. Маю рацыю, калі скажу: шчымлівыя

радкі-прысвячэнні вучаць і нас, чытачоў, што нельга, не па-людску, забываць тых, хто даў табе жыццё і выхаваў, парываць усе сувязі з месцам, дзе нарадзіўся, дзе дажываюць свой век твае бацькі.

Вочы твае
Нада мной узышлі
Сузор’ямі цішыні,
Сусветамі дабрыні,
Пакуль ёсць яны –
Мне на зямлі
Светла, мама…

Дарэчы, не кожны ведае, што паэт быў вельмі веруючым хрысціянінам. Мне прыгадваюцца яго шчырыя прызнанні: “На ноч малюся. Прычым не тое, што цяпер пачаў маліцца, калі гэта стала модным, – я ўсё жыццё маліўся, мама прывучала мяне да гэтага. І калі ад’язджаў з Вушачы, дык абавязкова ставаў на калені перад абразам…” Трэба быць Рыгорам Барадуліным, каб так напісаць, каб кожнае слова, кожны гук западаў у душу сённяшніх маладых.

Разам з тым не магу не адзначыць, што Рыгор Барадулін адкрыў юнакам і дзяўчатам шырокі і бязмежны свет чалавечых пачуццяў, пераканаўча паказаў, што пачуццё кахання ўзвышае і акрыляе, распавёў пра сэнс зямнога існавання.

Сёння нам вельмі хацелася б выказаць даніну сваёй удзячнасці і пашаны народнаму паэту Беларусі, чыё сэрца балела за Радзіму, за яе лёс.

Напэўна, нездарма школьная праграма па вывучэнні твораў Рыгора Барадуліна супадае з днём нараджэння паэта. Так прыемна запрасіць падлеткаў у чароўны свет яго паэзіі, схіліць галаву перад памяццю не толькі творцы, але і глыбока духоўнага чалавека.

Шчыра радуе тое, што аналізуючы творчасць славутага песняра, дакранаючыся да яго літаратурнай спадчыны, вучні здолелі ўсвядоміць непераўзыдзеную віртуёзнасць яго творчай асобы. Таму я як настаўнік з задавальненнем слухала водгукі-развагі падлеткаў “Светлай памяці прысвячаецца…”. З асалодай нагадваю радкі, якія па-сапраўднаму цешаць і вярэдзяць душу:

– Яго паэзія – гэта нейкі дзіўны, гаючы эліксір, а многія словы ў ёй – на вагу золата (Карына Ташматава, 11 “А” клас);

– Мы шануем чалавека, беларуса, які з ахвотай і хваляваннем рвецца душой і сэрцам на сваю малую радзіму. У яго лірыцы адчуваецца беларускі дух, Беларуссю дыхае кожны радок (Марыя Новік, 11 “А” клас);

– Ён ідзе да чытачоў з душой наросхрыст, чакае паразумення, водгаласу ў чужых сэрцах (Соф’я Ланцэвіч, 11 “А” клас);

– Шаноўны Рыгор Іванавіч! Вашы вершы дапамагаюць мне ўсвядоміць, як трэба жыць нам, маладым, каб кожны зямны дзень не знік бясследна. Вы прымусілі нас задумацца над тым, што застанецца пасля нас нашчадкам. Ваш эмацыйны, узрушаны радок увабраў у сябе і боль, і горыч, і радасць, і светлую ўзнёсласць. Дзякуй вам вялікі за такія вершы (Аляксандр Тугай, 11 “А” клас).

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий