- Метадычка, Пачатковая школа. Iдэi

Святлафор, або адзін са спосабаў праверыць самаацэнку дзяцей у пачатковай школе

 

Таццяна СЛАБКО,
настаўнік англійскай мовы
сярэдняй школы № 7 Смаргоні,
Гродзенская вобласць

 

 

Калі вы чуеце слова “святлафор”, якія асацыяцыі яно ў вас выклікае? Большасць, безумоўна, у сваім уяўленні адразу ж малюе праезную частку і сігнальны электрычны ліхтар, што служыць для кантролю руху на вуліцы як машын, так і пешаходаў. Аднак для пачаткоўцаў сярэдняй школы № 7 Смаргоні гэты “трохвокі рэгуліроўшчык” адразу ж асацыюецца з самаацэнкай, якую яны выстаўляюць сабе на ўроку англійскай мовы.

Псіхолагі вылучаюць тры тыпы самаацэнкі: адэкватная, прыніжаная і завышаная. Апошнія дзве могуць адмоўна адбіцца на навучальным працэсе, таму любому настаўніку вельмі важна навучыць кожнае дзіця адэкватна ацэньваць свае сілы, прымусіць паверыць ва ўласны поспех і пераканаць не прыніжаць свае здольнасці.

Так, перад невялікімі самастойнымі працамі я прапаную сваім чацвёртакласнікам запаліць адно сігнальнае святло на ўласным святлафоры. Зрабіць такія святлафоры можа і настаўнік, але лепш, калі ў пачатку навучальнага года дзеці самастойна змайструюць свае імянныя рэгуліроўшчыкі, тым самым праяўляючы творчасць і фантазію.

Калі вучань ўпэўнены ў сваіх ведах, як правіла, ён выбірае зялёны кругляш. Гэта адпавядае адзнацы 8–10. Калі дзіця адчувае нейкія цяжкасці, матэрыял, як яму здаецца, ён засвоіў не да канца – “запальваецца” жоўты колер. У гэтым выпадку мяркуецца, што адзнака павінна быць у раёне 6–7. Але бываюць і такія школьнікі, якія ўжо на этапе самаацэнкі апускаюць рукі: ім здаецца, што яны ў любым выпадку праваляць заданне: на іх святлафорах фаварытам выступае чырвонае святло. Гэта значыць, што разлічваюць яны на адзнаку ад пяці балаў і ніжэй.

Пасля таго як я правяраю работы вучняў, яны параўноўваюць атрыманую адзнаку з тым меркаваным вынікам, які выставілі на сваіх святлафорах, і робяць адпаведныя высновы.

Тыя, хто завысіў сабе бал, разумеюць, што ў наступны раз трэба больш сур’ёзна падыходзіць да запамінання слоў ці граматычных правілаў і што ім пажадана не спяшацца адразу ж пасля выканання тэсту здаваць сваю працу, а яшчэ раз усё дбайней праверыць і, магчыма, выявіць дапушчаныя памылкі. Калі здараецца, што атрыманая адзнака на некалькі балаў аказваецца вышэй меркаванай, такая сітуацыя дае няўпэўненым у сваіх сілах дзецям добры штуршок паверыць у свае магчымасці, наладжвае іх на пазітыўны настрой і павышае матывацыю да вучобы.

Гэтым прыёмам мае вучні актыўна карыстаюцца вось ужо другі год і кожны раз самі праяўляюць ініцыятыву ацаніць свае веды перад праверачнымі работамі.

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий