“Толькі з моваю жыцця век…”: тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў школе

- 14:41ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Верш беларускага паэта Віктара Шведа “Дзесяць запаведзяў” гучыць як гімн роднай мове. Каб зберагчы нашу мову, недастаткова яе проста любіць, на ёй размаўляць трэба, мову родную прасляўляць і папулярызаваць. Для гэтага штогод у лютым у сярэдняй школе № 3 Ашмян праходзіць тыдзень беларускай мовы і літаратуры.

Далучэнне вучняў і іх бацькоў, педагогаў школы да беларускай мовы, нацыянальнай культуры беларусаў адбываецца праз разнастайнасць праведзеных на працягу тыдня мерапрыемстваў: выстаў, акцый, віктарын, турніраў і святаў.

У дзень адкрыцця моўнага тыдня з самага ранку вучні школы і настаўнікі далучыліся да акцыі “Не маўчы па-беларуску”. З самых любімых, шчырых, трапных і мілагучных беларускіх слоў атрымалася сэрца – прызнанне роднай мове.

Прайшла традыцыйная і любімая ўсімі акцыя – “Беларускі верш за цукерку”. Гучалі вершы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Аркадзя Куляшова, Ларысы Геніюш, байкі юбіляра 2021 года Кандрата Крапівы. А ў рамках святкавання 135-годдзя з дня нараджэння Змітрака Бядулі вучні 7 “В” класа прапанавалі свой варыянт інсцэніроўкі ўрыўка з апавядання “На Каляды к сыну”.

Дзень беларускай музыкі аб’яднаў усіх аматараў народных і эстрадных песень. Дзякуючы творчым калектывам ў школе прайшлі музычныя перапынкі, падчас якіх і вучні, і настаўнікі пачулі папуры песень на вершы беларускіх паэтаў: “Па-над белым пухам вішняў…” Максіма Багдановіча, “Дзень-залацень” Валянціна Лукшы, “Вясна” Якуба Коласа, “Беларуская старонка” Васіля Жуковіча. Эстафету добрага настрою і пазітыўных эмоцый падхапілі настаўнікі, выканаўшы беларускую народную песню “Цячэ вада ў ярок”.

Удзельнікаў новай акцыі “Ашмяны ў інтэрнэт-прасторы: #я_ашмяначка, #я_ашмянец” аб’яднала любоў да нашай малой радзімы – Ашмяншчыны. Лепшыя фотаздымкі на фоне роднага горада, падпісаныя па-беларуску, былі размешчаны ў сацыяльных сетках.

У рамках Міжнароднага дня роднай мовы і рэалізацыі праекта “Адзіная дыктоўка на прыз БРСМ” члены пярвічнай арганізацыі БРСМ праверылі свой узровень пісьменнасці і праявілі любоў да беларускай мовы.

Кожнаму вучню на тыдні беларускай мовы і літаратуры знайшлося сваё, блізкае па душы, густу і па ведах заданне. Удзельнічаючы на працягу тыдня ў разнастайных акцыях, віктарынах, конкурсах, навучэнцы “зараблялі” балы для атрымання сертыфіката на адзнаку па вучэбных прадметах, што яшчэ больш стымулявала і прабуджала жаданне і паразважаць, і праявіць свае творчыя здольнасці, і выказаць сваю любоў да роднай мовы.   

Святлана ЛАБАЧЭЎСКАЯ,
кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання  настаўнікаў-славеснікаў
сярэдняй школы № 3 Ашмян

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий