- Адукацыя ў асобах

У супрацоўніцтве і саюзе з вучнямі

 

На вуліцы мароз, сцюдзёны вецер і завея. А ў невялікім вучэбным кабінеце на трэцім паверсе навучальна-педагагічнага комплексу № 42 Магілёва светла і ўтульна. Навучэнцы 5 «А» класа захопленыя ўрокам англійскай мовы. Кожны вучань з цікавасцю і ўвагай слухае свайго настаўніка. А настаўнік – Вольга Анатольеўна Гарэлава – стараецца ўтрымаць цікавасць дзяцей і накіраваць яе ў патрэбным напрамку, бо, на яе думку, гэта адзін з важных фактараў паспяховага навучання.

– Але значна больш залежыць ад самога педагога, ад таго, наколькі ён любіць сваю справу. Настаўнікам нельга стаць спантанна. Гэтую прафесію трэба выбіраць па закліку сэрца. У мяне так і выйшла. У педагогіку сапраўды ішла мэтанакіравана. Напэўна, пашанцавала з настаўнікамі. Перад вачыма заўсёды быў добры прыклад. Асабліва паўплывала на мяне школьная настаўніца англійскай мовы Ірына Васільеўна Шурмілава. Яе ўрокі памятаю і цяпер. Яны былі неверагодна займальнымі, – падзялілася Вольга Анатольеўна.

Стаўшы выпускніцай школы, В.А.Гарэлава свядома прадоўжыла адукацыю на факультэце замежных моў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. Вучыцца ёй было цікава, таму і гады студэнцтва праляцелі непрыметна.

– Маладым спецыялістам я трапіла ў сярэднюю школу № 34 Магілёва. Менавіта там і адбылася як педагог. І цяпер успамінаю час працы там з цеплынёй, але жыццёвыя абставіны склаліся так, што вось ужо дзесяць гадоў я – частка педагагічнага калектыву сорак другога гарадскога навучальна-педагагічнага комплексу, – распавяла Вольга Анатольеўна.

Навогул, за плячыма В.А.Гарэлавай звыш пятнаццаці гадоў плённай педагагічнай дзейнасці. За гэты час яна выпрацавала ўласныя эфектыўныя падыходы да навучання.

На сваіх уроках Вольга Анатольеўна выкарыстоўвае розныя методыкі, працуючы з усім класам, але пры гэтым не пакідаючы ні аднаго вучня без увагі. Структуру занятка яна выбудоўвае, як архітэктар, скрупулёзна падбіраючы элементы розных адукацыйных метадаў і тэхналогій, арганічна злучаючы іх паміж сабой. Гэта робіць урокі вельмі функцыянальнымі. А яшчэ – педагог майстэрскі прэпаруе тэксты з падручніка, ператвараючы іх у займальныя заданні рознай складанасці. Яна ўмела аб’ядноўвае вучняў у каманду, дзе ў кожнага свая роля, свая задача і свая вучэбная вяршыня.

Адметна, што любую сітуацыю на ўроку В.А.Гарэлава ператварае ў дыялогавую, імкнучыся максімальна ўключыць дзяцей у гутарку, бо перакананая, што толькі размаўляючы, можна вывучыць замежную мову.

– Вывучэнне замежнай мовы – гэта як крэпасць, узяць якую атрымаецца толькі штурмам з усіх бакоў. Урокі павінны быць пабудаваны ў лагічнай паслядоўнасці, на балансе тэорыі і практыкі. Жывыя зносіны таксама надзвычай важныя. Толькі пры выкананні гэтых фактараў навучанне будзе паспяховым, – упэўненая Вольга Анатольеўна.

Падчас сваіх заняткаў В.А.Гарэлава істотны акцэнт ставіць на фарміраванні камунікатыўных кампетэнцый і развіцці крэатыўнага мыслення навучэнцаў. Яна пераканана: дзецям трэба не толькі ведаць розныя моўныя формы, але і ўмець прымяніць іх у рэальным жыцці.

– Грамадству зараз неабходны асобы, здольныя знаходзіць новыя падыходы да вырашэння праблем і паспяхова спраўляцца з выклікамі сучаснага свету. Здольнасць да ўзаемадзеяння і камунікацыі, творчы падыход да справы, матывацыя да далейшай адукацыі – гэтыя каштоўныя якасці так неабходныя пакаленню дзяцей, якое мы сёння вучым. І без развіцця крэатыўнага мыслення тут абысціся немагчыма. За час сваёй працы я сутыкнулася з некаторымі супярэчнасцямі. З аднаго боку, навучэнцы ўсведамляюць важнасць вывучэння замежнай мовы, зыходзячы з жадання мець зносіны з замежнымі аднагодкамі, падарожнічаць, мець высокааплатную працу ў будучыні. З іншага – ім даводзіцца асвойваць складаныя граматычныя структуры і моўныя з’явы, вялікі аб’ём лексікі. Да таго ж, многія навучэнцы арыентаваны на авалоданне граматыкай для паспяховай здачы цэнтралiзаванага тэсцiравання, а сучасныя тэндэнцыі навучання патрабуюць карыстання замежнай мовай, а не назапашвання багажу граматычных правілаў і лексікі. Авалоданне замежнай мовай як сродкам міжкультурнай камунікацыі заключаецца ва ўменні творча выказваць свае думкі, пачуцці і ўступаць у дыялог культур. Зыходзячы з гэтых супярэчнасцей, я вырашыла выкарыстоўваць заданні для фарміравання крэатыўнага мыслення, якія развіваюць не толькі камунікатыўную кампетэнцыю, але і адпаведныя кагнітыўныя ўменні, неабходныя ва ўсіх аспектах жыцця, – патлумачыла педагог.

Пералік распрацаваных В.А.Гарэлавай заданняў дапамагае зацікавіць, захапіць вучняў, ажывіць звычайны, стандартны вучэбны матэрыял. Напрыклад, на арганізацыйна-матывацыйным этапе ўрока настаўніца часта выкарыстоўвае “эфект цуду” або “яркая пляма”.

– Крэатыўнасць не адбываецца ў вакууме. Заўсёды павінна быць нешта, што прастымулюе і ляжа ў аснову фарміравання арыгінальнага дзіцячага мыслення. У сваёй дзейнасці прымяняю розныя варыянты заданняў з апорай на візуалізацыю. Для гэтага можна выкарыстоўваць карцінку, фатаграфію, мадэль, рэбус, загадку, – расказала В.А. Гарэлава.

Так, да падручніка “Англійская мова. 5 клас” Вольга Анатольеўна распрацавала і апрабавала серыю заданняў па прыёмах “Загаловак” і “Рэбус/Загадка”. Выконваюцца заданні ў асноўным у парах і групах, што развівае камунікатыўныя навыкі і фантазію навучэнцаў. Пры навучанні розным відам чытання ў 7-м класе настаўніцай апрабаваныя заданні на аснове прыёмаў “Stripe story” і “Галаваломка”. Гэтыя прыёмы дапамагаюць не толькі навучыць чытанню. Яны вучаць дзяцей здабываць патрэбную інфармацыю, аналізаваць і прымяняць атрыманыя веды для вырашэння новых камунікатыўных задач.

– На сваіх уроках я заўважыла эфектыўнасць выкарыстання прыёму “Кругі па вадзе”. На аснове гэтага прыёму былі створаны заданні для вучняў 5-га класа па тэме “Канікулы”, для 6-га класа па тэме “Рэспубліка Беларусь і краіны вывучаемай мовы”, для 8-га класа па тэме “Музыка”. На апошнім этапе заняткаў заўжды звяртаюся да такіх прыёмаў, як “Аповед па плане”, “Калаж”, “Бязглуздая дыктоўка”, – паведаміла В.А.Гарэлава.

Значна, што аўтарскія заданні Вольгі Анатольеўны спрыяюць развіццю ў вучняў здольнасцей ставіць мэты, выбіраць шляхі іх дасягнення, уменняў аргументаваць свой пункт гледжання, спрачацца і адстойваць сваю пазіцыю. Дарэчы, усе напрацоўкі гэтага неардынарнага педагога знаходзяцца ў вольным доступе. А ў перспектыве В.А.Гарэлава плануе працягваць распрацоўку заданняў, якія будуць адводзіць ад банальных ідэй, робячы працэс навучання эфектыўным і займальным.

Характэрна, што сярод асноўных прафесійных прынцыпаў Вольгі Анатольеўны – дзейсны падыход і тэхналогія супрацоўніцтва. Настаўніца перакананая: асоба дзіцяці фарміруецца толькі ў дзеянні, таму на ўроках яна заўсёды ў актыўным узаемадзеянні з навучэнцамі.

– Я стараюся заўжды быць у дыялогу, у саюзе з вучнямі. Але пры гэтым захоўваю сваю ролевую дыстанцыю як настаўніка. Важным лічу таксама ўлік індывідуальных здольнасцей навучэнцаў. Неабходна ўлічваць змены ў мікраклімаце класа і да кожнага вучня шукаць свой падыход. Вучацца ж не проста дзеці. А канкрэтна – Саша, Аня, Данік… І кожны з іх засвойвае вучэбны матэрыял па-свойму. Таму дыферэнцыяцыя мае асаблівую значнасць. Гэты метад дапамагае мне рабіць урокі выніковымі: дзеці атрымліваюць задавальненне ад занятка і кожны здабывае для сябе нешта карыснае, не імгненнае, а тыя веды, якія застануцца з імі ў далейшым, – адзначыла В.А. Гарэлава.

Вольга Анатольеўна імкнецца быць у пастаянным кантакце з навучэнцамі. Яна займаецца класным кіраўніцтвам, часта сустракаецца з дзецьмі ў пазаўрочны час.

– Класным кіраўніком я стала ў гэтым навучальным годзе. Толькі цяпер зразумела, што гатовая да гэтай адказнай працы. З навучэнцамі мы разам арганізуем ўласныя мерапрыемствы, актыўна ўдзельнічаем ва ўнутрыўстановачных. Наш клас вельмі згуртаваны. Навучэнцы не раз станавіліся пераможцамі розных школьных конкурсаў, – распавяла В.А.Гарэлава.

Дарэчы, усе вучні даволі часта радуюць Вольгу Анатольеўну. У яе класах добрая паспяховасць. Навучэнцы вынікова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, конкурсах даследчых работ і іншых інтэлектуальных спаборніцтвах. Выпускнікі паспяхова спраўляюцца з цэнтралізаваным тэсціраваннем, паступаюць на далейшае навучанне ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Прычым прафесію многія выбіраюць з акцэнтам на замежную мову.

Сёння В.А.Гарэлава досыць дасведчаны, прафесійны педагог. Але, негледзячы на гэта, яна пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку, нястомна ўдасканальвае педагагічнае майстэрства. Вольга Анатольеўна мэтанакіравана наведвае разнастайныя адукацыйныя курсы, канферэнцыі, паспяхова ўдзельнічае ў прафесійных конкурсах.

– Свет навокал пастаянна мяняецца, і педагог павінен змяняцца разам ім. На мой погляд, сучасны настаўнік – гэта энергічны, пазітыўны чалавек, які павінен знаходзіцца ў нястомным прафесійным развіцці, – падкрэсліла В.А.Гарэлава.

За чарговым штуршком да прафесійнага развіцця Вольга Анатольеўна ішла і на рэспубліканскі конкурс “Настаўнік года – 2020”, дзе ў выніку на заключным этапе стала лаўрэатам ў намінацыі “Замежная мова”.

– Конкурс – гэта ўнікальны шлях. Ён стаў пачаткам своеасаблівай новай эры ў маёй педагагічнай дзейнасці. Гэта і каласальнае развіццё прафесійнай кампетэнцыі, і вялікі асобасны рост. З’явілася жаданне тварыць, незвычайнае пачуццё палёту, бо зараз у мяне ёсць “жураўліныя крылы”, – распавяла В.А.Гарэлава.

…Кожную раніцу Вольга Анатольеўна з задавальненнем ідзе на працу. Яна пастаянна думае пра тое, як зрабіць свае ўрокі яшчэ больш захапляльнымі. Яна заўжды падтрымлівае дзяцей ва ўсіх пачынаннях, а потым бязмежна радуецца іх вучэбным поспехам. У бліжэйшых яе планах – працягваць ісці наперад. Працягваць вучыцца, развівацца і прафесійна ўдасканальвацца – станавіцца яшчэ лепшай для сваіх вучняў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий