- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Тут карані, адсюль вытокі

 

Фальклорная забава на мясцовым матэрыяле “Тут карані, адсюль вытокі” праведзена ў яслях-садзе г.п. Мір у межах рэалізацыі праекта патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту праз беларускія народныя святы і абрады.

Далучыць выхаванцаў да беларускай мовы, народнай культуры, традыцый дапамагаюць забавы і святы, пабудаваныя на фальклорным матэрыяле сваёй мясцовасці. У нашы дні няма натуральнага пераймання фальклору ад старэйшых, таму ў фальклор дзяцей уводзяць штучна, улічваючы ўзроставыя асаблівасці дашкольнікаў, а таксама сённяшнія эстэтычныя патрабаванні.

 

Падчас мерапрыемства выхаванцы старэйшага дашкольнага ўзросту знаёміліся з мясцовымі легендамі, гісторыяй пасёлка Мір, народнымі рамёствамі, якія былі распаўсюджаны ў пасёлку. Дзеці расказвалі вершы пра малую радзіму, пра родны пасёлак, спявалі песні, гулялі ў беларускія гульні, а таксама паказалі невялікую сцэнку пра знакаміты Мірскі кірмаш.

Пры падборы матэрыялаў для правядзення забаў і святаў варта ўлічваць фальклорныя матэрыялы сваёй мясцовасці, малой радзімы. Праз іх не толькі поўніцца і актывізуецца беларускі слоўнік дзіцяці, выхоўваецца любоў і павага да роднай мовы і культуры, але і спасцігаецца светапогляд, душа, мудрасць, гумар, таленавітасць, майстэрства свайго народа.

Хочацца спадзявацца, што ў нашых выхаванцаў пачалі фарміравацца пачуцці і якасці характару, якія звязваюць дзяцей з гістарычнымі каранямі, паходжаннем, уплываюць на зараджэнне нацыянальнай самасвядомасці і спрыяюць жаданню стаць уладарамі і носьбітамі культурнай спадчыны.

 

 Святлана ПЕТРЫМАН,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада г.п. Мір
Карэліцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий