- Карэкцыйная педагогіка. Сцэнарыі карэкцыйных заняткаў, Метадычка

Падарожжа ў падводны свет. Карэкцыйна-развіваючы занятак з элементамі пясочнай тэрапіі (Падгрупавы занятак для выхаванцаў 4–5 гадоў)

 

Ганна ПУЗЫРОВА,
педагог-псіхолаг
ДУА “Яслі-сад № 4 г.Астраўца”,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: развіццё эмацыйнай сферы дзіцяці, зняцце эмацыйнага напружання, стварэнне пазітыўнай атмасферы, развіццё ўяўлення, фантазіі, развіццё дробнай маторыкі рук.

 

Ход занятка

Псіхолаг. Добры дзень, дзеці! Я вельмі рада бачыць вас. Сёння я прапаноўваю вам здзейсніць незвычайнае падарожжа ў казачную Пясочную краіну. Але каб трапіць у яе, трэба вымавіць чароўныя словы і здзейсніць адмысловы рытуал. Нам трэба стаць вакол пясочніцы і ўзяцца за рукі. Цяпер мы з вамі па кругу будзем гаварыць адзін аднаму добрыя прыемныя словы (кампліменты).

(Гучыць спакойная музыка.)

Псіхолаг. Ну што, гатовыя? Цяпер я вам прапаную адгадаць, якім будзе наша падарожжа. Закрыйце вочкі і працягніце мне свае далонькі. (Псіхолаг кладзе дзецям на далонькі марскія ракавінкі.)

Псіхолаг. Дзеці, што ў вас у далоньках? (Дзеці адгадваюць спачатку з заплюшчанымі вачыма.)

Выхаванцы. Ракавінкі!

Псіхолаг. Дзе можна сустрэць ракавінкі?

Выхаванцы. У моры! (Адказы дзяцей)

Псіхолаг. Дык куды мы адправімся сёння?

Дзеці. На мора!

Псіхолаг. Правільна дзеці, мы адправімся з вамі сёння ў марское падарожжа. Каб пачаць наша падарожжа, трэба засвоіць правілы: пясок нельга есці, ім нельга кідацца, з ім трэба вельмі акуратна і асцярожна абыходзіцца. А цяпер я прапаноўваю вам павітацца з пяском. Ён таксама з намі вітаецца, толькі вельмі-вельмі ціха. Давайце яго развесялім. Паказычам яго спачатку кожным пальчыкам адной рукі, потым – другой рукой. А цяпер паказычам дзвюма рукамі. Патрыце яго паміж далонямі.

 

(Далей дзецям прапаноўваецца пакінуць адбіткі далоняў на пяску. Важна затрымаць руку на пяску, злёгку націснуўшы на яе. Педагог-псіхолаг пытаецца ў дашкалят пра адчуванні, пра тое, які пясок навобмацак.)

 

Практыкаванне “Хваля”

Псіхолаг. Дзеці, я думаю, што вы ўсе любіце купацца ў рэчцы, у сажалцы, але асабліва – у моры. Чаму ў моры? Напэўна, таму што ў моры звычайна бываюць невялікія хвалі і так прыемна, калі яны ласкава абмываюць цябе. А цяпер я прапаную вам усім ператварыцца ў марскія хвалі.

 

(Уключаецца рэлаксацыйная музыка, дзеці ўстаюць у паўкола.)

 

Давайце спачатку паспрабуем рухацца, як хвалі. Малайцы! А цяпер паспрабуем усміхнуцца, як хвалі, калі яны зіхацяць на яркім сонцы. Добра! Рабяты, давайце з вамі паспрабуем “пашамацець”, як хвалі, калі яны накатваюць на каменьчыкі на беразе. Добра, малайцы!

А цяпер я прапаную вам намаляваць хвалі на нашым пясочным стале пры дапамозе сваіх пальчыкаў. (Дзеці выконваюць заданне.)

 

Практыкаванне “Рух марскіх насельнікаў”

Псіхолаг. Дзеці, на марскім дне жыве шмат жывёл. Вы ведаеце іх? (Адказы дзяцей) Давайце з вамі пакажам, які след пакідаюць пасля сябе змяя, краб, смоўжык і г. д. (праяўленне фантазіі дзяцей).

 

Практыкаванне “Падарожжа ў падводны свет

Псіхолаг. А цяпер давайце створым сапраўднае марское царства! Адсуньце пясочак у бок. (Дзеці рассоўваюць пясочакатрымліваецца блакітнае мора.) Псіхолаг прапануе дзецям пад музычнае суправаджэнне самастойна адлюстраваць на пяску “падводны свет”.

 

(Педагог-псіхолаг прапаноўвае дзецям фігуркі, каменьчыкі, стымулюе іх на сумесную дзейнасць. Калі неабходна, накіроўвае дзяцей, задае пытанні. Потым выхаванцы складаюць апавяданне пра свой падводны свет, пра тое, якія героі там жывуць, ці сябруюць яны, добрыя яны або злыя.)

 

Дзеці расстаўляюць фігуркі, дамаўляючыся хто што возьме. Пасля – абмеркаванне гатовай працы. Якія пачуцці адчувалі пры працы? Якія пачуцці зараз, калі праца над стварэннем падводнага свету завершана? Ганарыцеся сваёй працай? Што было складаным пры выкананні задання?

Псіхолаг. Паглядзіце, які прыгожы падводны свет! Колькі жыхароў вы пасялілі ў наша марское царства. Дзеці, выбярыце сабе па аднаму герою.

 

Практыкаванне “Мой герой”

Дзеці выбіраюць сабе па аднаму герою, распавядаюць пра свайго героя: дзе жыве, што робіць, з кім сябруе, пра што марыць.

Псіхолаг. Дзеці, а вашы героі любяць гуляць? Давайце пагуляем з імі ў хованкі.

 

Практыкаванне “Хованкі”

Адзін з удзельнікаў (вядучы) закрывае вочы, астатнія дзеці хаваюць у пясок сваіх герояў, затым вядучаму трэба адшукаць усіх. Па чарзе кожны бывае ў ролі вядучага.

 

Рэфлексія

Псіхолаг. Якія вы малайцы. Які стварылі неверагодны падводны свет, навучыліся лепш дамаўляцца паміж сабою. Спадабалася вам наша падарожжа ў падводны свет? Што запомнілася вам больш за ўсё? А што было цяжка падчас падарожжа? (Дзеці выказваюць свае ўражанні.)

Псіхолаг. Вось і скончылася наша падарожжа, але мы з вамі яшчэ не раз наведаем гэты загадкавы падводны свет, дзе мы былі не проста дзецьмі, а маленькімі творцамі.

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий