- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Сустрэча з жанчынамі ў пагонах

 

Напярэдадні міжнароднага свята жанчын – 8 Сакавіка – вучні 8-х класаў сярэдняй школы № 11 Ліды наведалі выставу ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі, дзе для падлеткаў таксама была арганізавана незвычайная сустрэча не проста з жанчынамі, а з жанчынамі ў пагонах.

Вядучая сустрэчы, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Наталля Валынец, напачатку пазнаёміла вучняў з гісторый ваеннай справы Беларусі, з гісторыяй лідскага краю ад старажытных часоў да нашых дзён. І значнае месца ў размове са школьнікамі было адведзена жанчынам, чый лёс быў звязаны з вайсковай службай.  

Госці сустрэчы, а гэта пяць цудоўных жанчын ў пагонах, расказалі не толькі пра тое, як яны выбралі справу ваеннаслужачых, а і падзяліліся ўражаннямі пра сваю дзейнасць. І ніводная з іх, як заўважылі дзеці, не пашкадавала, што носіць пагоны. А гасцямі сустрэчы ў гэты дзень сталі намеснік кіраўніка змены аддзялення пагранічнага кантроля “Беняконі” вайсковай часці 1234 Валерыя Кучынская, афіцэр па арганізацыі вольнага часу і тэхнічных сродках выхавання, начальнік клуба 116-й штурмавой авіяцыйнай базы Алеся Кір’янава, сакратар Лідскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, а ў мінулым ваенная медсястра, якая ў 1984 годзе служыла ў ваенным шпіталі, размешчаным пад Кандагарам, Надзея Мурашка, у мінулым начальнік аддзялення па грамадзянстве і эміграцыі ў Лідскім раённым аддзяленні ўнутраных спраў, начальнік ЗАГСа Лідскага райвыканкама Наталля Малышка, інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Лідскага раённага аддзялення па надзвычайных сітуацыях Анастасія Арэхва.

Хочацца заўважыць, што прадстаўніцы прыгожага полу сёння ні ў чым не саступаюць мужчынам. Жанчыны, якія носяць на сваіх плячах пагоны, акрамя ўскладзеных службовых абавязкаў, строгасці на працы і пастаяннага груза адказнасці заўсёды застаюцца захавальніцамі сямейнага ачага. І, нягледзячы на ўсе складанасці, звязаныя са службай, на пытанне ці хацелі б яны змяніць прафесію, госці адназначна адказалі: “Не”.

Магчыма, для кагосьці з падлеткаў сустрэча з жанчынамі ў пагонах стане вырашальнай пры выбары будучай прафесіі. Час ідзе хутка, і васьмікласнікі не паспеюць азірнуцца, як прыйдзецца абавязкова зрабіць рашаючы крок у будучыню. 

Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 8 “Б” класа
сярэдняй школы № 11 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий