- ГОМЕЛЬШЧЫНА, Рэгiёны

Тыдзень матэматыкі ў Малешаўскай школе

 

Адзін са шляхоў павышэння цікавасці да вывучэння школьнага курсу матэматыкі – добра арганізаваная пазакласная работа, а адной з формаў пазаўрочнай работы з’яўляюцца прадметныя тыдні. Тыдзень матэматыкі прайшоў у Малешаўскай базавай школе Жыткавіцкага раёна.

Правядзенне прадметных тыдняў у нашай школе стала традыцыяй. Такая форма прадугледжвае вялікую падрыхтоўчую работу, падчас якой настаўнік і навучэнцы атрымліваюць магчымасць узаемнага супрацоўніцтва для стасункаў, не звязаных рамкамі праграмы і не абмежаваных часам уроку. Акрамя таго, дзеці атрымліваюць магчымасць пазнаёміцца са светам матэматыкі: цікавай і жывой – бо матэрыял для мерапрыемстваў, у большасці, падбіраецца займальнага і гістарычнага характару.

Афармленне школы, выпуск газет, напісанне казак і падрыхтоўка прэзентацый ужо залучаюць у працу амаль усіх. Навучэнцы падбіралі матэрыялы, раіліся. Ішла дружная, актыўная работа настаўнікаў і навучэнцаў. Падбіраючы матэрыялы, дзеці многа даведаліся з гісторыі матэматыкі, адкрылі для сябе цікавыя і таямнічыя факты. Папярэдняя падрыхтоўка дапамагае ў далейшым пры правядзенні мерапрыемстваў. Таксама падрыхтоўчая работа – гэта магчымасць зрабіць рукамі дзяцей разнастайныя наглядныя дапаможнікі, якія потым прадуктыўна выкарыстоўваюцца ў навучальным працэсе.

Пры складанні плана мерапрыемстваў мы ўлічвалі ўзроставыя і псіхалагічныя асаблівасці дзяцей, а таксама матэматычную падрыхтоўку навучэнцаў, бо асноўная задача – прыцягнуць і зацікавіць кожнага. Любы вучань павінен знайсці сабе справу па сілах і інтарэсах. Заданні былі даступнымі, займальнымі, а мерапрыемствы – яркімі і запамінальнымі.

На працягу тыдня праводзілі матэматычныя клубы вясёлых і знаходлівых, конкурсы, віктарыны. Тыдзень закончыўся агульнашкольнай урачыстай лінейкай, на якой мы падвялі вынікі і ўзнагародзілі пераможцаў.

Валянціна МАРТЫНАВА,
намеснік дырэктара
Малешаўскай базавай школы
Жыткавіцкага раёна
Фота: Конкурс малюнкаў “У краіне геаметрыі”

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий