- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Краіна маміных захапленняў

 

Актыўны ўдзел дзяцей і бацькоў у святочных школьных мерапрыемствах – добрая традыцыя Вердаміцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Свіслацкага раёна.

Чым цікавяцца сучасныя бацькі? Што ведаюць пра захапленні сваіх мам дзеці? Як мамы далучаюць дзяцей да сваіх любімых заняткаў? На ўсе гэтыя пытанні дапамагла адказаць захапляльная выстава “Залатыя рукі мамы”, якая пачала работу напярэдадні свята 8 Сакавіка.

Арганізавана яна з мэтай умацавання адносін паміж дзецьмі і бацькамі, развіцця эстэтычнага густу і эмацыйнай сферы навучэнцаў, выхавання павагі да працы іншых людзей. Нягледзячы на напружаны рытм сучаснага жыцця, акрамя паўсядзённых спраў і клопатаў, мамы знаходзяць час, каб здзівіць творчымі ідэямі і сваімі талентамі. Трэба адзначыць, што многія мамы адгукнуліася на нашу прапанову прыняць удзел у творчай выставе. У холе ўстановы адукацыі размясцілася больш за 50 работ, усяго ў выставе прынялі ўдзел 16 мам-рукадзельніц.

І вось яна – яркая, чароўная і незвычайная краіна маміных захапленняў! Можна было толькі здзіўляцца разнастайнасці талентаў сучасных жанчын – выпякаюць, вяжуць, майструюць з бісеру, паперы і сурвэтак, лепяць з гліны і цэменту, вышываюць цудоўныя карціны, ствараюць для сябе і сваіх дачушак!

Дзеці, разглядаючы работы сваіх мам, бачаць прыгажосць створаных кампазіцый і вучацца цаніць і паважаць працу іншых. Разам з тым прыцягненне бацькоў да дапамогі ў арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу з’яўляецца важным кампанентам выхавання, а выбраная форма прадстаўлення творчых здольнасцей бацькоў дае магчымасць на працягу пэўнага перыяду любавацца, захапляцца і ганарыцца створанымі работамі.

Дзецям падабаецца, калі іх мамы і таты знаходзяць час і займаюцца з імі чым-небудзь цікавым. Але асабліва прыемна было бачыць шчаслівыя вочы дзяцей, калі яны расказвалі сваім сябрам, што гэта менавіта яго мама пашыла, звязала, змайстравала!

Алена БАНДАРЧУК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Вердаміцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий