Вучні прызнаваліся ў любові да роднай мовы

- 19:14ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

“Якая цудоўная родная мова!”– менавіта такімі словамі П.Панчанкі пачалося адкрыццё тыдня роднай мовы ў Доцішскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна.

На працягу тыдня быў праведзены шэраг мерапрыемстваў, якія садзейнічалі пашырэнню ведаў вучняў па беларускай мове і літаратуры, развіццю маўленчай культуры, спрыялі цікавасці да вывучэння роднай мовы і выхаванню пачуцця любові да роднага слова.

Свята пачалося з правядзення акцыі “Гавары са мной па-беларуску”. Прыемна было чуць роднае слова з вуснаў школьнікаў, настаўнікаў, тэхнічнага персаналу. Валанцёры рашылі ўключыць у акцыю і жыхароў нашага аграгарадка, якія з разуменнем аднесліся да прапановы і падтрымалі яе. Вучні 4–8 класаў актыўна ўдзельнічалі ў конкурсе творчых работ “За што я люблю родную зямлю”, а старшакласнікі пісалі сачыненне на тэму “Люблю цябе такой, якая ёсць, зямля мая, зямля бацькоў святая!”

Было прапанавана падрыхтаваць паштоўкі з віншаваннем са святам. Вучні прызнаваліся ў любові да мовы, называючы яе роднай, мілай, непаўторнай, старажытнай, скарынаўскай, мудрай, ласкавай, шчырай, казачнай, сваёй.

Праявілі актыўнасць навучэнцы школы ў конкурсе малюнкаў да твораў беларускіх пісьменнікаў. Малюнкі прыроды, партрэты галоўных герояў, эпізоды з твораў, уласныя адносіны да твора праз малюнак. Бібліятэкар школы А.І.Бобніс пазнаёміла вучняў з выставай, арганізаванай да юбілеяў І.Шамякіна, І.Мележа, К.Крапівы. Адказна аднесліся школьнікі да конкурсу чытальнікаў вершаў. Творы былі розных аўтараў, але аб’яднаны адной тэмай ”Мова пявучая мая”. А з якім замілаваннем і як натхнёна чыталі юнакі і дзяўчаты ўрыўкі з “Палескай хронікі” Мележа і з аповесці”Сэрца на далоні” Шамякіна, актуальныя і сёння байкі Крапівы. На ўра ўспрымаліся ўласныя вершы вучняў А.Казарэз, М.Крыштоп, В.Русялевіч, А. Лабовіч.

У рамках тыдня падрыхтаваны і праведзены “Моўны турнір”, квест-гульня “З родным словам па жыцці”, конкурс эрудытаў “Слова роднае – вечнасці след”, падрыхтаваны інтэрактыўныя плакаты да юбілеяў пісьменнікаў. Вучні 10-га класа справілі вечарыну “Волат Палескай зямлі”, прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння Івана Мележа, а адзінаццацікласнікі – вечарыну памяці пісьменнікаў-юбіляраў ”А на зямлі не згасне іх след”. Пад кіраўніцтвам арганізатара школы Д.А.Ганчар члены БРПА і БРСМ прынялі ўдзел у раённым этапе чэленджа “Мова”. Падрыхтаваны відэаролік, змешчаны ў групе “УКантакце”.

Ірына КАЗЛОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Доцішскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий