- Педагагiчны лайфхак

Даведнік адукацыйных маршрутаў па малой радзіме

 

Кацярына ШАПЕЛЬ, Тамара СУРАГА,
Вольга ФЕДАСЮК,
настаўнікі
Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Педагогі Валеўскага дзяцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна вырашылі заняцца вывучэннем сваёй мясцовасці, дакрануцца да таямніц роднага краю. Вынікам гэтай творчай працы стала стварэнне адукацыйнага прадукта – даведніка адукацыйных маршрутаў па родных мясцінах “З любоўю да малой радзімы”.

Мясцовасць вакол нашай установы, так званы Свіцязянскі край, славіцца як вельмі прыгожымі краявідамі, так і досыць багатымі гістарычнымі падзеямі і іх сведкамі, літаратурнай спадчынай.

Распрацаваны даведнік складаецца з двух маршрутаў.

Першы – адукацыйны маршрут “Па старонках паэмы А.Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Ён распрацаваны для вучняў 8–10-х класаў і з’ўляецца дапаўненнем да прадметнага матэрыялу па беларускай літаратуры ў 10-м класе (тэма “Рамантызм у еўрапейскім і беларускім мастацтве слова канец ХVIII – першая палова XIX стагоддзяў) і гісторыя Беларусі ў 8-м класе (тэма “Літаратура і мастацтва ў першай палове XIX стагоддзя).

Маршрут пачынаецца з ваколіц вёскі Валеўка, дзе была сядзіба Чамброва. Чамброва – гэта маёнтак, дзе жыла маці А.Міцкевіча, і ён жа стаў правобразам Сапліцова ў паэме “Пан Тадэвуш”.

Наступны экскурсіўны аб’ект – помнік архітэктуры і культуры ХVІІ стагоддзя Свята-Петрапаўлаўская царква аграгарадка Валеўка, якая раней была касцёлам. Мноства даследчыкаў лічаць, што менавіта яго апісвае Міцкевіч у час вянчання Зосі і пана Тадэвуша.

Экскурсія працягваецца па возеры Свіцязь, якое ўслаўлена Міцкевічам у паэмах “Пан Тадэвуш”, “Свіцязь”, “Свіцязянка”.

Лагічным завяршэннем экскурсіі з’яўляецца літаратурны аддзел Народнага гісторыка-краязнаўчага музея Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы, цэнтральная экспазіцыя якога прысвечана жыццю і творчасці А.Міцкевіча.

Другі адукацыйны маршрут – “Таямніца запаветнай сцежкі Свіцязянскага краю” – прапанаваны для ўрокаў біялогіі ў 11-м класе па тэмах “Запаведная справа і ахова прыроды”, “Рацыянальнае прыродакарыстанне”, для вучняў 6-га класа па тэмах “Чалавек – частка прыроды”, “Роля чалавека ў прыродзе. Ахова жывой прыроды”, для вучняў 7-га класа па тэмах “ Ахова раслін”, “Дзікарослыя расліны”.

Экалагічная сцежка ствараецца для правядзення вучэбнай і прапагандысцкай работы па пытаннях аховы прыроды, стварэння ўмоў для выхавання гарманічных паводзін чалавека ў прыродзе. Гэта своеасаблівая лабараторыя ў натуральных умовах.

Маршрут вучэбнай экалагічнай сцежкі “Тайна запаведнай сцежкі Свіцязянскага краю” праходзіць па ваколіцах прыбярэжнай тэрыторыі Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Свіцязянскі”. На вялікай працягласці маршрута праяўляецца негатыўнае антрапагеннае ўздзеянне, што таксама дапамагае пры правядзенні заняткаў па экалогіі паказаць неабходнасць беражлівых адносін да прыроды. Разнастайнасць флоры дазваляе праводзіць тэматычныя экскурсіі па батаніцы, агульнай біялогіі і экалогіі школьнай праграмы.

 

На працягу маршрута экалагічнай сцежкі намі запланавана 11 станцый-прыпынкаў для экскурсантаў, дзе яны могуць больш падрабязна пазнаёміцца з тымі ці іншымі прадстаўнікамі флоры, ацаніць экалагічную сітуацыю і антрапагеннае ўздзеянне на прыроду.

Не ўсе гэтыя станцыі абавязковыя для праходжання падчас экскурсіі. Пры правядзенні тэматычных экскурсій частка прыпынкаў можа быць прапушчана, на іншых можна спыніцца больш доўгі час і апавяданне можа быць больш падрабязным.

Станцыі маршрута:

1 Тэрыторыя пры ўваходзе ў эколага-інфармацыйны цэнтр “У гасцях у дванаццаці месяцаў”;
2 Аднацветка аднакветкавая;
3 Палушнік Азёрны;
4 Любка зялёнакветкавая;
5 Спарасіс кучаравы;
6 Лабелія Дортмана;
7 Прыбярэжніца Аднакветкавая;
8 Баранец звычайны;
9 Пыльцагалоўнік чырвоны;
10 Парк-дэндрарый установы адукацыі;
11 Прыродны аддзел Народнага гісторыка-краязнаўчага музея.

       

Распрацаваныя адукацыйныя маршруты могуць быць прапанаваны навучэнцам, дарослым, дзецям дашкольнага ўзросту, у аздараўленчым лагеры, усім хто цікавіцца навукова-даследчай дзейнасцю, а таксама класным кіраўнікам і выхавальнікам груп падоўжанага дня.

Па распрацаваных маршрутах створана брашура.

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий