- БРЭСТЧЫНА, Рэгiёны

У аб’ектыве – родная вёска

 

Цікавы занятак знайшлі для сябе вучні Дзяніскавіцкага ясляў-сада – сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна – фатаграфаваць родныя краявіды. Свае фотаздымкі хлопцы і дзяўчаты дэманструюць на выставах у школе, неаднаразова станавіліся прызёрамі раённых конкурсаў.

Прырода роднага краю для гэтых вучняў – любімая тэма. Іх вабіць прыгажосць роднай вёсачкі, захад сонца, першыя замаразкі і шэрань, кропелька расы, якая пераліваецца рознымі колерамі вясёлкі…

Родныя краявіды хочацца назаўсёды пакінуць у пямяці, успамінаць іх на працягу ўсяго жыцця. А што можа лепш нагадаць пра родную вёску, прыроду, як не фотаздымкі? Тэлефон з камерай заўсёды пад рукой, а цікавыя і прыгожыя мясціны – побач. Застаецца толькі заўважыць хараство, навесці камеру, і фотаздымак гатовы!

Асабліва ўражлівыя фотаздымкі Маргарыты Еўтуховіч і Алесі Барыскевіч – захад сонца, маладая сасна, сцяжынка да роднай хаты, залатая восень, шэрань палескіх балот… Дзяўчынкі імкнуцца перадаць хараство краявідаў праз прызму фотаапарата, данесці да кожнага гэтую прыгажосць і навучыць заўважаць дробязі. Кожны фотаздымак зроблены з любоўю, кожны аб’ект на здымку – дарагі сэрцу.  

Памяць пра родныя мясціны застанецца не толькі ў сэрцы дзяўчынак, але і будзе адлюстравана на паперы і перададзена будучаму пакаленню з надзеяй, што любоў да родных мясцін, да сваёй радзімы будзе жыць вечна.

Ірына ЛАЎРЭНЦЬЕВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Дзяніскавіцкага ясляў-сада – сярэдняй школы
Ганцавіцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий