- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Выхаванне эканамічнай культуры – з дашкольнага ўзросту

 

 

З мэтай фарміравання асноў эканамічнай культуры дзяцей дашкольнага ўзросту ў яслях-садзе № 1 Карэліч была арганізавана выстава “Гульні і гульнявыя дапаможнікі па эканамічным выхаванні дзяцей”. Выхавальнікі прынялі актыўны ўдзел, дзякуючы чаму развіваючае прадметна-прасторавае асяроддзе груп папоўнілася новымі гульнямі і дапаможнікамі, створанымі іх рукамі.

Адным з самых упадабаных дзецьмі экспанатаў выставы стаў Грошык, якога зрабіла з яркай тканіны В.В.Старжынская. Грошык – часты госць выхаванцаў на занятках і ў час гульні, шмат чаго ведае, але і сам часта задае пытанні, напрыклад: што такое бізнес, рэклама, абмен, валюта? Дзеці ўважліва слухаюць яго, смела адказваюць на пытанні, ахвотна згаджаюцца падарожнічаць з ім у “Краму”, “Тэатр”, “Цырк”, “Заапарк”, “Цырульню”. Так называюцца ў старшых групах сюжэтна-ролевыя гульні, якія патрабуюць правядзення “грашовых аперацый”.

“Эканамічны лэпбук”, аформлены Н.Я.Шайбак, – дапаможнік даросламу пры азнаямленнні дзяцей з тым, “што такое заробак”, “куды трацяцца заробленыя бацькамі грошы”, “што можна купіць, а чаго купіць нельга”.

Дзякуючы гульні “Цягнік з таварам”, якую распрацавала І.М.Мялешка, хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць веды пра тое, што ў кожнага тавара ёсць цана, што гэта колькасць грошай, а калі іх недастаткова – тавар купіць нельга. Гуляючы, дзеці старшых груп навучыліся “купляць” і “разлічвацца”, арыентавацца ў цане і дастатковасці ці недастатковасці грошай у кашальку. Ведаюць нават, як можна эканоміць грошы бацькоў (эканомна расходаваць ваду, свет, берагчы свае і ншыя рэчы і г.д.).

Падабаецца выхаванцам адчуць сябе дарослымі, падышоўшы да “Банкамата”, каб пакарыстацца банкаўскай карткай. Банкамат для гульні падрыхтавала Т.У.Каспяровіч. А яшчэ ў яе атрымалася цікавая аўтарская гульня “Сямейны бюджэт”, якая дапамагае пазнаёміць удзельнікаў з паняццямі “даход”, “расход” сямейнага бюджэту. Маючы ў кашальку “грошы”, дзеці “распараджаюцца” імі, “аплаціўшы” камунальныя паслугі, здзейсніўшы пакупкі (прадукты харчавання, бытавыя рэчы), а таксама могуць папоўніць кашалькі заробкам, прэміяй, грашовымі падарункамі і г.д.

Падобныя гульні дапамагаюць нам, педагагічным работнікам, вучыць выхаванцаў паважаць працу, набыць якасці, неабходныя сапраўднаму гаспадару (працавітасць, шчодрасць, эканомнасць) і сучаснаму прафесіяналу (уменне дамаўляцца, уступаць ва ўзаемаадносіны, таварыскасць, прыстойнасць, адказнасць).

Па словах вялікага амерыканскага эканаміста І.Колемана, “лепш забяспечыць мінімум эканамічнай дасведчанасці на раннім этапе жыцця, чым змагацца супраць стыхійна атрыманай эканамічнай дасведчанасці ў далейшы перыяд жыцця”.

Наталля СКОК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада № 1 Карэліч

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий