- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

А ў нас сёння Масленіца!

 

У Вярэйкаўскай сярэдняй школе Ваўкавыскага раёна адбылося сапраўды народнае свята “Масленіца”, якое выклікала вялікі эмацыйны водгук не толькі ў саміх дзяцей, але і ў дарослых, якім пашчасціла быць гледачамі.

Фальклорны калектыў “Свяцейка”, які існуе ў нашай установе адукацыі з 2015 года, першы прадставіў на суд гледача вопыт ладжання Масленіцы. Дзеці выконвалі народныя песні, якія характэрныя менавіта для нашай мясцовасці, ігралі ў народныя гульні, танцавалі, вадзілі карагоды, праваджалі Зімуі гукалі Вясну. Асаблівую атмасферу прыдавалі народныя касцюмы, у якія былі адзеты ўсе дзеці. І якая ж Масленіца без бліноў, былі і яны, самыя розныя: і круглыя, як сонейка, і бульбяныя.

Мерапрыемства адрознівалася вялікім выхаваўчым патэнцыялам, таму што ўдзел вучняў у фальклорных святах далучае кожнага да творчай дзейнасці, выхоўвае любоў і павагу да духоўнай скарбніцы свайго народа.

Народная культура – найважнейшая частка нашай гістарычнай спадчыны, якая спрыяе фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці будучых пакаленняў. Народная спадчына – вось той агенчык, які асвятляе душы нашых выхаванцаў, прымушае іх па-іншаму зірнуць на тое, як жылі іх продкі. Прыемна адзначыць, што адраджэнне нацыянальных традыцый, народнай спадчыны становіцца прадметам пільнай увагі ў сістэме выхавання вучняў.

Беларускі музычны фальклор – важная частка духоўнай культуры нашага народа. Менавіта праз удзел у фальклорных святах дзеці вучацца таму, што фальклор здаўна служыць магутным сродкам вобразнага пазнання жыцця, праўдзіва адлюстроўвае думкі, імкненні і спадзяванні народных мас, садзейнічае выхаванню эстэтычных густаў і ідэалаў. На працягу многіх стагоддзяў фальклор быў амаль адзінай формай выражэння духоўнага жыцця людзей: ён з’яўляўся і працягвае быць неад’емнай часткай культурнай спадчыны народа, спадарожнічае чалавеку на працягу ўсяго яго жыцця. Фальклор – няспынная творчасць народа, якая бытуе ў вуснай перадачы людзей з пакалення ў пакаленне. Ён і сёння адыгрывае важную ролю ў духоўным жыцці людзей, у фарміраванні іх эстэтычна-мастацкіх густаў, ідэалаў светапогляду.

Я імкнуся далучаць кожнага вучня да творчай дзейнасці, выклікаць у іх цікавасць да народнага музычнага мастацтва, навучыць бачыць, разумець і адчуваць прыгожае ва ўсіх праявах жыцця; засвойваць сістэму ведаў пранароднае музычнае выканальніцтва і далучацца да яго, засвойваць сістэму ведаў пра сродкі музычнай выразнасці, формы (суадносіны з тэатральна-гульнявымі формамі як галоўная дзейнасць у малодшых школьнікаў), паказваць вучням, што традыцыйнае музычнае мастацтва з’яўляецца часткай адзінай цэласнай сістэмы мастацтва і не можа існаваць асобна ад яе.

Я акцэнтую ўвагу вучняў, што беларускія народныя песні напоўнены вялікай мудрасцю, праўдай і прыгажосцю. У іх укладзены талент і розум многіх пакаленняў. З песень мы пазнаём жыццё народа (яго працу і быт, абрады і традыцыі, мары і падзеі, думкі і пачуцці), асаблівасці беларускага нацыянальнага характару (патрыятызм і мужнасць, працавітасць, любоў да прыроды і да роднага краю).

З каштоўнай фальклорнай спадчынай сваёй Радзімы павінен азнаёміцца кожны культурны чалавек, асабліва гэта тычыцца моладзі і юнацтва, бо веданне сваіх вытокаў, сваіх каранёў будзе садзейнічаць фарміраванню пачуцця нацыянальнай годнасці, любові да свайго народа, краіны, дзяржавы, выхаванню нацыянальнай свядомасці, што з’яўляецца неад’емнай часткай ідэалагічнага выхавання.

 

Ірына ЯДЗЕЙКА,
музычны кіраўнік
Вярэйкаўскай сярэдняй школы
Ваўкавыскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий