- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Школьная кампанія – трэнажор для развіцця прадпрымальнасці

 

Як паказвае практыка, прывіваць прадпрымальніцкія навыкі дзецям неабходна з самага ранняга ўзросту. У сувязі з гэтым на базе многіх устаноў адукацыі Беларусі створаны школьныя бізнес-кампаніі. А ў Мацвееўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Ваўкавыскага раёна з’явілася традыцыя штогадовых майстар-класаў для пераемнікаў школьнай бізнес-кампаніі “Сябрына”.

ШБК “Сябрына” існуе ўжо пяты год. Стартавалі мы з вырабу бочачак і рамак для пчол і іншых прылад з драўніны. Тады з нашымі вырабамі ўдалося пабываць у Мінску на нацыянальным конкурсе “Прадпрымальнік года”. Дарэчы, наша ШБК увайшла ў дзясятку лепшых па рэспубліцы. Гэты факт вельмі натхніў вучняў: стала больш і больш паступаць прапаноў па развіцці нашай невялікай кампаніі. Праз нейкі час было вырашана заняцца чымсьці больш практычным і агульнадаступным – друкаванай прадукцыяй. Шырокую папулярнасць набіраюць нататнікі і каляндарыкі з выявай малой радзімы, сваёй школы, прыроды. Дзеці з задавальненнем фатаграфуюць мілыя сэрцу месцы, бо менавіта іх малюнак можа стаць вокладкай для нататніка.

Першыя вырабы былі далёкія ад дасканаласці, але ўсё наладзілася. У сярэднім на нататнік сыходзіла дзве, а то і тры гадзіны. Але самыя зацятыя і працавітыя члены каманды ўжо спраўляюцца з гэтай задачай за паўгадзіны!

Варта адзначыць, што асновы прадпрымальніцтва – гэта не толькі выраб чагосьці і продаж. Усё нашмат глыбей і складаней. На дапамогу прыйшло аб’яднанне па інтарэсах “Азбука эканомікі”, дзе навучэнцы з першых заняткаў знаёмяцца з такімі паняццямі, як “попыт – прапанова”, “канкурэнтаздольнасць”, “сабекошт”, “рынак збыту”. Многія пачынаюць разумець, наколькі важна для паспяховасці быць самастойным, адказным, гнуткім, пастаянна развівацца, каб крочыць у нагу з сучасным грамадствам. Таксама вялікае значэнне мае сумесная дзейнасць, дзе неад’емнымі складнікамі з’яўляюцца зладжанасць, раўнапраўе і ўзаемадзеянне. Пры рабоце ў камандзе кожны дасягае большага!

Разам з тэарэтычнымі ведамі прадпрымальніцкай дзейнасці і практычным прымяненнем іх на практыцы ўдзел у ШБК дапамагае навучэнцам зрабіць усвядомлены выбар будучай прафесіі і шмат хто ў далейшым плануе паступаць у каледжы і УВА з эканамічным кірункам.

Аксана ЗДАНОЎСКАЯ,
кіраўнік школьнай бізнес-кампаніі “Сябрына”
Мацвееўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Ваўкавыскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий