- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Знаўцы правілаў бяспекі

 

У канцы лютага адбыўся раённы этап рэспубліканскага конкурсу-алімпіяды “Школа бяспекі – 2021”, у якім удзельнічала шасцёра навучэнцаў Капцёўскай школы Гродзенскага раёна. Усе яны трапілі ў лік 15 фіналістаў.

Удзельнікі павінны былі прайсці тры этапы. Спачатку за паўгадзіны вырашыць 50 няпростых тэставых заданняў пра дзеянні пры надзвычайных сітуацыях прыроднага і тэхнагеннага характару, небяспеку ў побыце, правілы паводзін на вадзе ў летні і зімовы перыяды, гісторыю пажарнай аварыйна-ратавальнай службы і дзейнасць Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных.

У другім туры вучні спаборнічалі ў прамоўніцкім майстэрстве: на працягу адной хвіліны раскрывалі зададзеную тэму.

У фінале юныя эксперты прадэманстравалі свой розум і кемлівасць: вырашалі рэбусы, загадкі і задачы рознай ступені складанасці. Чым вышэй узровень, тым больш балаў можна набраць.

Безумоўным лідарам у малодшай узроставай катэгорыі стаў Марк Грушэўскі. У сярэдняй не было роўных Сяргею Янковічу, а сярод старшакласнікаў – Аляксандру Янковічу. Усе пераможцы – прадстаўнікі Капцёўскай сярэдняй школы. Неўзабаве яны абароняць гонар Гродзенскага раёна ў абласным туры конкурсу-алімпіяды.

Але гэта яшчэ не ўсё! Другія месцы ў сваіх узроставых катэгорыях занялі Міхаіл Зубялевіч і Анастасія Цыганкова, а “бронзу” заваявала Лізавета Савіцкая.

Перамога каманды Капцёўскай школы невыпадковая: гэтаму спрыяла вялізная падрыхтоўчая работа, якая праводзіцца ў нашай школе сістэмна і адказна. Асновы бяспекі жыццядзейнасці вядзе настаўнік вышэйшай катэгорыі Дзмітрый Аляксандравіч Янковіч, сапраўдны прафесіянал, адданы сваёй справе. У школе функцыянуе кабінет АБЖ, дзе педагог сабраў шырокую базу дыдактычнага і нагляднага матэрыялу. Гэты конкурс яшчэ раз пацвердзіў, што праца Дзмітрыя Аляксандравіча не праходзіць дарэмна!

Алена ДАРАНЧУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Капцёўскай сярэдняй школы
Гродзенскага раёна

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий