- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Дзе ёсць жаданне – знойдзецца і шлях

 

Вучыць і вучыцца самім – вось дэвіз педагогаў метадычнага аб’яднання Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна. Вучыць думаць, спасцігаць таямніцы жыцця, вучыць слухаць і чуць, глядзець і бачыць, гаварыць і выказвацца, а галоўнае – адчуваць. Вучыцца на памылках, абапіраючыся на веды і верачы ў поспех. Ісці наперад, бо настаўнік не можа стаяць на месцы.

Галоўнай задачай, якая стаіць перад настаўнікам пачатковай школы, з’яўляецца ўдасканаленне прафесійнага майстэрства, накіраванага на атрыманне якаснай адукацыі навучэнцамі школы. Ставячы перад сабой канкрэтныя задачы, выкарыстоўваючы розныя цікавыя формы арганізацыі метадычнай работы, кожны педагог працуе над павышэннем свайго прафесіяналізму праз удзел у творчай майстэрні “Радасць пазнання”, якая аб’ядноўвае выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, настаўнікаў пачатковых класаў і настаўніка-дэфектолога.

Метадычная праца – гэта даведнік па краіне пад назвай прафесіяналізм. Яе сутнасць – пошук, дапамога, кантроль, аналіз і зноў пошук.

У гэтым навучальным годзе ўдзельнікі творчай майстэрні працуюць над адзінай метадычнай тэмай – “Удасканаленне прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў пачатковых класаў па пытаннях арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў”.

Чарговае пасяджэнне творчай майстэрні было прысвечана кантрольна-ацэначнай дзейнасці на вучэбных занятках. Як сёння першай пастаўленай адзнакай не перакрэсліць імкненне вучня да новых ведаў? Пасяджэнне дало магчымасць перагледзець і прааналізаваць сваю дзейнасць у гэтым кірунку, падзяліцца прафесійным майстэрствам з педагогамі, а ў выніку мы распрацавалі метадычныя рэкамендацыі па здзяйсненні кантрольна-ацэначнай дзейнасці на ўроках матэматыкі і літаратурнага чытання.

Сумесная творчасць і супрацоўніцтва – вось той шлях, які вядзе да станоўчых вынікаў, шчаслівых вачэй вучняў. Ідзём поплеч да вяршыняў, выхоўваючы добрага, чулага чалавека. Вучымся ў калег, але памятаем: скапіраваць і паўтарыць чужы вопыт нельга. Трэба шукаць свой шлях, сваю ісціну. Стараемся, каб дзеці, з якімі мы разам працуем над набыццём ведаў, верылі ў тое, што “лепш веды, чым чыстае золата, бо мудрасць лепшая за жэмчуг, і нішто з жаданага не параўнаецца з ёю” (прытча Саламона), нават у нашым залішне матэрыяльным жыцці. Вучымся ў дзяцей адкрытасці, шчырасці, светламу погляду на жыццё, уменню бачыць прыгажосць і гармонію свету.

Марына СЦЯПУК,
кіраўнік творчай майстэрні “Радасць пазнання”
Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий