- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Дзеці вывучаюць і даследуюць прыроду

 

Выхавальнікі Новаяльнянскага ясляў-сада Дзятлаўскага раёна добра ведаюць, што вясна – цудоўны час для развіцця ў выхаванцаў уменняў бачыць і чуць прыроду такой, якая яна ёсць у рэчаіснасці, выклікаць цікавасць да яе, пашырыць веды, фарміраваць практычны вопыт.

Кожнае дзіця па прыродзе сваёй – дапытлівы даследчык, і яму вельмі падабаецца разглядаць аб’екты жывога свету ў іх натуральным асяроддзі. Ні аддзін малюнак або відэаматэрыял не заменіць непасрэднага разглядання з’яўлення ледзяшоў, змены стану снегу, з’яўлення травы, набракання пупышак на дрэвах і хмызняках, прылёту птушак. Такая дзейнасць становіцца важным сродкам для фарміравання экалагічнай культуры дзяцей дашкольнага ўзросту, дазваляе вырашыць задачы ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі. Назіранні, гульні, пазнавальныя сітуацыі, элементарная даследчая і працоўная дзейнасці дазваляюць сфарміраваць у выхаванцаў уменні ўсталёўваць узаемасувязі паміж зменамі ў нежывой і жывой прыродзе, паміж надвор’ем і станам раслін і жывёл. Выхаваць павагу і беражлівыя адносіны да прыроды, жаданне пазнаваць яе.

У працэсе назіранняў “Вясна прыйшла”, “Вясновыя раўчукі”, “Сонейка” у дзяцей фарміруюцца веды пра паступовую змену з’яў вясны. З цікавасцю выхаванцы назіраюць за з’яўленнем і ростам ледзяшоў. Дашкольнікі слухаюць капёж, звяртаюць увагу на тое, што ў марознае і пахмурнае надвор’е капяжу няма, усталёўваюць залежнасць паміж раставаннем ледзяшоў і тэмпературай паветра. Свае назіранні адлюстроўваюць у малюнках.

З надыходам цёплых дзён назіраюць за раставаннем снегу. Вымяраюць вышыню снежнага пакрова, разглядаюць, якім стаў снег (па колеры і якасці). На прагулках знаходзяць з выхавальнікам першыя праталіны, высвятляюць, чаму не ўсюды адначасова знікае снег.

Дзеці далучаюцца да пасадкі агарода ў групе. З цікавасцю назіраюць за ростам цыбулі і ўсходамі насення ва ўласным агародзе (у групе), дзе адчуваюць сябе поўнымі гаспадарамі. Арганізоўваецца доўгачасовае назіранне за прарастаннем насення бабовых (з фіксацыяй у дзённіках назіранняў). Сумесна з дарослымі ажыццяўляюць догляд за раслінамі: вызначаюць неабходнасць паліву па стане глебы.

Назіранні на свежым паветры – заўсёды весела і займальна! Асабліва назіранне за птушкамі вясной: трэба толькі выйсці на вуліцу і слухаць іх звонкія песні. Прырода пасёлка дазваляе зрабіць гэта па дарозе ў дзіцячы сад ці дадому. Вясной прырода ажывае. І нават калі лісточкі яшчэ не паспелі з’явіцца на свет, то птушкі ўжо пачалі вяртацца з выраю. Сёлета першае назіранне за вяртаннем шпакоў з выраю адбылося другога сакавіка. Яны ўжо прыляцелі. Са звестак бацькоў прыляцелі і буслы.

Назіранне за кожным аб’ектам прыроды суправаджаецца загадкамі, чытаннем кароткіх вершаў, пацешак, адпаведных тэматыцы назірання, што дазваляе не толькі развіць цікавасць да аб’ектаў і з’яў прыроды, а ўвогуле сфарміраваць сацыяльны вопыт, асабістыя якасці дзіцяці.

Сонца прыгрэе мацней, стане цяплей, і наперадзе ў нас у планах мноства назіранняў за паступовым нарастаннем вясновых з’яў, прабуджэннем прыроды вясной.

Ларыса АНДРЭЕВА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
Новаяльнянскага ясляў-сада
Дзятлаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий