- ГОМЕЛЬШЧЫНА, Рэгiёны

Інтэрактыўныя гульні ў адукацыйным працэсе

 

З мэтай павышэння ўзроўню культуры міжасобасных зносін у сучаснай адукацыйнай прасторы і духоўна-маральнага развіцця выхаванцаў у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Чачэрска ў рамках інавацыйнай дзейнасці рэалізуюцца ўсе віды дзіцячай дзейнасці. Але самае вялікае месца ў адукацыйны працэсе адводзіцца менавіта гульні.

“Гульня – гэта велізарнае светлае вакно, праз якое ў духоўны свет дзіцяці ўліваецца жыватворны струмень уяўленняў, паняццяў пра навакольны свет. Гульня – гэта іскра, якая запальвае агеньчык цікаўнасці і дапытлівасці”, – гаварыў В.А.Сухамлінскі. Гульня – гэта аснова жыццядзейнасці дзіцяці дашкольнага ўзросту, з яе дапамогай дзеці спазнаюць жыццё, набываюць пэўны жыццёвы вопыт, павышаюць культуру зносін. У той жа час гульня – гэта задавальненне і адпачынак для выхаванцаў.

Па меры таго, як змяняецца наша грамадства, змяняюцца і гульні. У стагоддзе камп’ютарных тэхналогій нашы выхаванцы ўсё больш праяўляюць цікавасць да інтэрактыўных гульняў. Педагогі Інэса Саўчук, Яна Дуброўская, Антаніна Шчукіна, Таццяна Пяўнёва, Алена Хішчанка і іншыя, якія ідуць у нагу з часам, разумеюць, што з дапамогай інтэрактыўных гульняў можна арганізаваць як індывідуальную, так і групавую работу, можна фарміраваць у дзяцей дашкольнага ўзросту ўяўленні пра дабро і зло, неабходнасць клапаціцца пра навакольны свет. Гульня дае магчымасць звярнуць увагу на маральнае стаўленне чалавека да чалавека, прыгажосць Божага і прадметнага свету, створанага рукамі чалавека.

Інтэрактыўныя гульні з элементамі спаборніцтва праводзяцца педагогамі ў форме пазнавальных віктарын. Яны спрыяюць духоўна-маральнаму развіццю выхаванцаў, павышэнню ўзроўню культуры міжасобасных зносін, замацаванню атрыманых уменняў і навыкаў, пашырэнню слоўнікавага запасу беларускамоўных слоў па пэўных тэмах.

Гуляючы, выхаванцы адчуваюць велізарны душэўны ўздым і хваляванне, іх захапляюць эмацыянальныя перажыванні, з’яўляецца пачуццё суперажывання. Гэта даказвае, што ў гульнях схаваныя выхаваўчыя рэзервы, велізарныя педагагічныя магчымасці, якія важна не ўпусціць, своечасова заўважыць і выкарыстоўваць для духоўна-маральнага выхавання дзіцяці дашкольнага ўзросту.

Права выбару, якім відам дзіцячай дзейнасці аддаваць перавагу, якімі гульнямі карыстацца пры ажыццяўленні адукацыйнага працэсу, заўсёды застаецца за творчымі педагогамі, якія любяць дзяцей, вучаць іх добрым справам, выхоўваюць іх і імкнуцца зрабіць жыццё сваіх выхаванцаў ва ўстанове дашкольнай адукацыі цікавым і займальным.

Таццяна ШКАЛЯНКОВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Чачэрска

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий