Простыя гісторыі сяброўства

- 9:46ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Якое цудоўнае слова “сяброўства”. Вымаўляеш яго, і адразу ўспамінаеш свайго сябра, з якім табе цікава гуляць або пасакрэтнічаць пра таямніцы. Менавіта тэме сяброўскіх адносін была прысвечана гульнявая праграма “Простыя гісторыі сяброўства”, якая прайшла ў 3-м класе Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна.

Школьнікі падзяліліся сваімі меркаваннямі пра тое, што ж такое сапраўднае сяброўства, для чаго патрэбныя сябры. Дзеці ўспаміналі прыказкі і прымаўкі пра сяброўства, адгадвалі загадкі, прынялі ўдзел у гульні “Сяброўства – гэта …”, дзе спачатку мімікай і жэстамі стараліся паказаць сяброўства, а затым пісалі выказванні і зачытвалі іх услых, прымацоўваючы на дошцы.

“Скажы мне, хто твой сябар, і я скажу, хто ты”, – абвяшчае народная мудрасць. Выбар сяброў можа расказаць пра чалавека значна больш, чым, што б там ні было. Таму дзеці ўспомнілі правілы, законы і прынцыпы сяброўства. Высветлілі, што ўсе людзі вельмі розныя: носяць розную вопратку і прычоскі, любяць розныя гульні, жывапіс, валодаюць рознымі мовамі, маюць розныя звычкі, вераванні, перакананні. І нягледзячы на гэтую непадобнасць, людзі сябруюць адно з адным.

Успомнілі апавяданне В. Катаева “Кветачка-вясёлка” і прынялі ўдзел у гульні “Сябар – хто ён” (на пялёстках кветак дзеці маркерамі напісалі сваё бачанне якасцей, якімі павінен валодаць сапраўдны сябар).

Вельмі цікавай дзецям падалася гульня “Прывітанне”. Спачатку хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, як вітаюць адно аднаго ў некаторых краінах, а затым парамі выцягвалі лісток з прывітаннем у нейкай пэўнай краіне і паказвалі ўсім у класе.

Затым школьнікі ўзгадалі казкі, у якіх персанажы вельмі дружныя. І такіх казак, як аказалася, вельмі шмат, хоць персанажы, якія сябруюць, могуць быць зусім рознымі і не падобнымі адзін на аднаго. А ўспомнілі іх у гульні “Знайдзі казачную пару”. Так, для Беласнежкі былі знойдзены 7 гномаў, а для Віні-Пуха – Пятачок.

Пазаўрочнае мерапрыемства прайшло вельмі эмацыянальна, ажыўлена, арганізавана. Навучэнцы праявілі вялікую цікавасць да працы, бо абмяркоўвалася тэма жыццёва важная і блізкая, якая хвалюе кожнага, прымушае думаць, радавацца. Завяршылася мерапрыемства словамі вядомага героя, дабрэйшага і самага цярплівага ката Леапольда: “Дзеці, давайце жыць дружна!”

 

Крысціна ІОДКА,
класны кіраўнік 3-га класа
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий