- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Асаблівы дзень для васьмікласнікаў

 

У Нягневіцкай сярэдняй школе Навагрудскага раёна прайшло ўрачыстае ўручэнне пашпартоў і кнігі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” юнакам і дзяўчатам, якім споўнілася 14 гадоў.

Мы часта гаворым пра высокія паняцці патрыятызма, вернасці народу. А з чаго пачынаецца вялікая любоў да Радзімы? Дзе бярэ пачатак і адкуль чэрпае сілы натхненне, упэўненасць у заўтрашнім дні? Як выхаваць у сябе якасці сапраўднага грамадзяніна сваёй краіны, як навучыцца жыць годна, чым напоўніць сваё жыццё, каб быць патрэбным сваёй Радзіме? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні падчас даверлівага дыялогу шукалі вучні разам з гасцямі – упраўляючым па справах Нягневіцкага сельвыканкама Л.П.Шурак і намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Т.М.Нагорнай.

Васьмікласнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі.

– Адчуванне сябе грамадзянінам краіны пачынаецца з ведаў асноўнага закона – Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, – разважала Яўгенія Арцюх. – Гэта Асноўны Закон дзяржавы, які мае найвышэйшую юрыдычную сілу, таму што ў ёй вызначаецца дзяржаўны лад, замацоўваюцца правы і абавязкі грамадзян, устанаўліваюцца паўнамоцтвы органаў дзяржаўнай улады. Асабліва важна, каб абвешчаныя ў ёй прынцыпы і нормы дзейнічалі і выконваліся, а прынятыя па канстытуцыйных пытаннях законы і іншыя прававыя акты строга адпавядалі яе зместу.

– Сапраўдны патрыёт, грамадзянін сваёй краіны не можа быць у баку ад падзей, якія адбываюцца на нашай зямлі, – упэўнены Ягор Куцко. – Таму мы актыўна ўключаемся ў акцыі па беражлівых адносінах да выкарыстання прыродных рэсурсаў, захаванні культурнай і духоўнай спадчыны нашай малой радзімы. Мы адчуваем вялікую адказнасць за будучае нашай краіны і калі працуем на полі ў час летніх канікулаў, і калі ўскладаем кветкі да помнікаў воінам, аддаўшых сваё жыццё за наш мірны дзень.

А Аляксандр Шыдлоўскі прызнаўся, што адчувае асабістую адказнасць за будучае сваёй краіны і ганарыцца тым, што нарадзіўся на гэтай зямлі. 

Вось так дзяржаўнае свята набыло якасна новае значэння для вучняў нашай школы, злучыла іх душы і сэрцы ў адным парыве – любові да Радзімы.

 

Марына СЯВЕЦ,
класны кіраўнік 8-га класа
Нягневіцкай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий