- Гiсторыя i грамадазнаўства. Iдэi, Метадычка

Развіццё пазнавальнага інтарэсу вучняў на ўроках гісторыі і ў пазакласнай рабоце сродкамі краязнаўства

 

Аляксандр КНЫШ,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
ДУА “Бярозавіцкая сярэдняя школа” Пінскага раёна,
Брэсцкая вобласць

 

 

 

 

Жыццё сёння ставіць перад чалавекам мноства нестандартных праблем. Умець рашаць іх творча зможа ў будучым толькі той вучань, які валодае здольнасцю да самаадукацыі і самаразвіцця. Узнікае праблема, якім чынам арганізаваць навучанне, каб захапіць працэсам пазнання, вызваць імкненне да самастойнага авалодвання ведамі і ўменнямі, а гэта значыць, развіваць пазнавальны інтарэсда прадмета.

Адным са сродкаў актывізацыі пазнавальнай актыўнасці на ўроках гісторыі з’яўляецца выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу. Менавіта краязнаўчая дзейнасць дазваляе вырашыць супярэчнасці, якія ўзнікаюць:

– паміж мэтамі традыцыйнай педагогікі, арыентаванай на перадачу ведаў, і мэтамі, якія ставіць перад сабой вучань, здольны дасягнуць высокіх вынікаў навучання, самастойна набыць карысныя практычныя навыкі, самарэалізавацца;

– паміж базавым узроўнем ведаў, уменняў і навыкаў і сучаснымі патрабаваннямі, што прад’яўляюцца да асобы.

Краязнаўчы матэрыял на ўроках, як найбольш блізкі, наглядны з’яўляецца сродкам канкрэтызацыі агульнагістарычнага працэсу, уваходзіць у сістэму ведаў па гісторыі краю. Мая практыка правядзення такіх урокаў сведчыць пра тое, што выкарыстанне мясцовага матэрыялу не толькі не выклікае перагрузку вучняў, але, наадварот, значна палягчае засваенне тэмы, робіць веды больш трывалымі і глыбокімі, садзейнічае фарміраванню пазнавальнай цікавасці.

У працэсе фарміравання пазнавальнай цікавасці вылучаюць этапы:

1) дапытлівасць;
2) з’яўленне цікавасці, якая стымулюе творчы пошук;
3) устойлівая цікавасць да прадмета на тэарэтычным узроўні.

У практыцы сваёй работы я фармірую і развіваю пазнавальную цікавасць да вывучэння гісторыі на аснове ўстойлівай станоўчай матывацыі.

Я лічу, што занятак будзе пазнавальным, калі вучні ў ходзе яго ўважлівыя (мэтанакіраваныя, настойлівыя, праяўляюць волю); здзіўляюцца (радуюцца поспехам і дасягненням, навізне); думаюць (аналізуюць, параўноўваюць, абагульняюць, даказваюць); фантазіруюць.

Адзначу найбольш эфектыўныя прыёмы работы на ўроках гісторыіі ў пазакласнай рабоце для павышэння ўзроўню пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў.

1 Уключэнне ў аповед звестак з гісторыі краю.

Напрыклад, пры вывучэнні падзей у Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны выкарыстоўваю матэрыялы пра ход ваенных дзенняў на Піншчыне ў 1941 г., пра вызваленне краю ў 1944 г., пра барацьбу пінскіх партызан і падпольшчыкаў пад кіраўніцтвам В.З.Каржа.

2 Прыцягненне па ходу выкладання новага матэрыялу асобных фактаў у выглядзе кароткай гістарычнай даведкі.

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Жывапіс і архітэктура Беларусі ў 60-я гг. ХІХ ст. – пачатак ХХ ст.” прапаную вучню выканаць апераджальнае заданне: падрыхтаваць паведамленне пра вясковую царкву Пакрова Прасвятой Багародзіцы,  якая была пабудавана ў 1878 г. і з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства.

3 Арганізацыя самастойнай пазнавальнай дзейнасці вучняў з тэкстамі краязнаўчага зместу.

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Рэвалюцыя 1905–1907 гг. на Беларусі” вучням прапаную прааналізаваць матэрыялы пра падзеі на Пішчыне ў 1905–1907 гг. і вызначыць, ці адпавядае іх ход агульнай тэндэнцыі развіцця рэвалюцыйных падзей у краіне (нарастанне – найвышэйшы ўздым – спад рэвалюцыйных выступленняў).

4 Падрыхтоўка школьнікамі невялікіх даследаванняў і паведамленняў.

Напрыклад, вывучэнне тэмы “Германскі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі” праводзіцца ў форме семінара. Вучні павінны прачытаць тэкст падручніка, успаміны жыхаркі вёскі Бярозавічы і назваць праявы палітыкі генацыду і рабавання яўрэйскага насельніцтва на тэрыторыі Пінскага раёна. Пры вывучэнні тэмы “Калектывізацыя сельскай гаспадаркі БССР” вучні выступаюць з паведамленнямі пра стварэнне калгасаў на тэрыторыі Пінскага раёна і нашай вёскі.

5 Правядзенне экскурсій у школьным краязнаўчым музеі па тэме ўрока.

Напрыклад, урок па тэме “Паўсядзённае жыццё нашых продкаў” праводзіцца ў форме экскурсіі ў школьным краязнаўчым музеі.

6 Выкарыстанне фрагментаў відэафільмаў.

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Развіццё гарадоў у XIV–XV ст.” пры тлумачэнні новага матэрыялу выкарыстоўваю фрагмент відэафільма “Пінск ад старажытных часоў да сучаснасці”, а пры вывучэнні тэмы “Калектывізацыя ў БССР” – відэазапіс успамінаў жыхаркі вёскі Чухава Надзеі Пятроўны Сукач 1931 г.н. пра стварэнне калгаса і прапаную вучням адказаць на пытанне “Якім было паўсядзённае жыццё калгаснікаў?”.

7 Правядзенне краязнаўчых пазакласных і пазашкольных мерапрыемстваў, экскурсій, сустрэч.

Фарміраванню пазнавальнага інтарэсу вучняў да гісторыі роднага краю спрыяе правядзенне пазакласнай работы з выкарыстаннем розных форм.

Напрыклад, інтэлектуальная гульня “Адзін супраць усіх” па тэме “Вялікая Айчынная вайна” вызвала цікавасць не толькі ў вучняў з высокай матывацыяй да навучання, але і ў вучняў, якія маюць сярэдні ўзровень навучання. Падрыхтоўка і правядзенне вусных часопісаў “Лёс краіны праз лёс чалавека”, “Памяць пра Халакост – шлях да талерантнасці” садзейнічалі пашырэнню кругагляду вучняў. З іх дапамогай вучні асэнсавалі непарыўнае адзінства гісторыі роднага краю з гісторыяй нашай дзяржавы.

Віктарыны “Мой раён, мая вёска”, “Піншчына – гісторыя вякоў” паглыбілі веды вучняў пра гісторыка-культурную спадчыну роднага краю. А для таго каб актывізаваць пазнавальную дзейнасць школьнікаў віктарыны праводзяцца ў выглядзе спаборніцтва паміж камандамі.

Набыць новыя веды ў цікавай і займальнай форме дазваляюць экскурсіі. Пінскі край багаты гісторыка-культурнай спадчынай. Асаблівую цікавасць вызываюць экскурсіі ў вёску Парэчча (з 1792 г. – гэта ўладанні князёў Скірмунтаў), вёску Дубае (вайсковыя могілкі часоў 1-й сусветнай вайны, былая сядзіба Кужэніцкіх), музей В.З.Каржа, краязнаўчы музей у Пінску і інш. У час пазнавальных экскурсій па родным краі дзеці вучацца мысліць, ацэньваць і пазней прымяняць на практыцы атрыманыя веды.

У школе створаны і працуе краязнаўчы музей, які садзейнічае пашырэнню кругагляду і развіццю пазнавальнай цікавасці вучняў, авалодванню практычнымі навыкамі пошукавай і даследчай работы. Экскурсіі ў школьны музей дапамагаюць пазнаёміцца з гісторыяй развіцця нашай вёскі, даведацца пра станаўленне саўгаса імя Кутузава, пра ўдзел землякоў у грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнах, пра прадметы побыту нашай мясцовасці.

Немалазначнай у арганізацыі краязнаўчай работы з’яўляецца грамадска-карысная дзейнасць: добраўпарадкаванне тэрыторыі ля помнікаў воінам-землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну на тэрыторыі сельскага савета, магілы І.А.Хаменка, савецкага воіна, які загінуў у барацьбе з фашыстамі, добраўпарадкаванне двароў, дзе пражываюць ветэраны.

Фарміраванню пазнавальнай цікавасці да гісторыі роднага краю асабліва садзейнічаюць сустрэчы са старажыламі, народнымі ўмельцамі, з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Больш поўна і падрабязна вучні школы знаёмяцца з праўдзівымі расказамі пра страшныя дні вайны, пра асаблівасці развіцця культурнай спадчыны нашага краю, раскрываецца гаспадарчае і эканамічнае значэнне краю ў развіцці нашай дзяржавы. Менавіта ў час гутаркі ў вучняў праяўляецца дапытлівасць, цікавасць да творчага пошуку.

Для развіцця творчага патэнцыялу навучэнцаў, а таксама падтрымкі пазнаваўчай цікавасці ўжываю наступныя формы работы:

          – групавая форма – заснавана на арганізацыі работы ў творчых мікрагрупах пры выкананні заданняў, ролевых гульняў. Група, як правіла, складаецца з 3–5 чалавек. Напрыклад, у 10-м класе пры вывучэнні тэмы “Развіццё адукацыі, навукі і культуры ў БССР у 1920–1930 гг.” клас дзеліцца на чатыры групы, кожная з якіх праводзіць “экскурсію” па пэўнай тэматыцы: станаўленне і развіццё сістэмы адукацыі; беларуская літаратура, тэатр і кіно; выяўленчае мастацтва, адукацыя, навука і культура ў 1920–1930 на Піншчыне. У групах выбіраюцца экскурсаводы, якія выконваюць ролю вядучых і звязваюць у адзінае цэлае выступленне членаў сваёй групы.

          – калектыўная форма – гэту форму работы выкарыстоўваю для згуртавання класнага калектыву. Гэта дапамагае фарміраванню ў вучняў пачуцця адказнасці за рашэнні, што прымаюцца. Напрыклад, падчас урока-канферэнцыі па тэме “Наш край у 1939–1945 гг.” Навучэнцы прадстаўлялі ўвазе класа свае паведамленні пра аднавяскоўцаў, родных, блізкіх, пасля чаго было абмеркаванне паведамленняў, задаваліся пытанні.

          – індывідуальная форма прадугледжвае чытанне літаратуры пра гісторыю мясцовасці, работу з дакументамі, рэчыўнымі матэрыяламі, падрыхтоўку паведамленняў, дакладаў, рэфератаў, збор успамінаў, прадметаў матэрыяльнай і духоўнай культуры, апісанне помнікаў гісторыі, стварэнне наглядных дапаможнікаў і інш.

Перш чым выкарыстоўваць краязнаўчы матэрыял у адукацыйным працэсе, я вызначаю яго месца, сувязь і адносіны з агульнагістарычным матэрыялам. У залежнасці ад зместу краязнаўчага матэрыялу, яго значэння для гісторыі краіны, ад мэты ўрока я разлічваю час для яго вывучэння: да вывучэння тэмы або ў пачатку, у ходзе вывучэння ці ў канцы. Матэрыял па мясцовай гісторыі можа быць тым больш і лепш выкарыстаны, калі ён падрабязна вывучаны, метадычна апрацаваны. Таму выкарыстанню краязнаўчага матэрыялу на ўроках заўсёды папярэднічае дасканалая работа па падрыхтоўцы яго да ўрока. Я загаддзя раздаю апераджальнае дамашняе заданне вучням і сачу за яго падрыхтоўкай да ўрока. Праводзяцца неабходныя кансультацыі і даюцца рэкамендацыі па данясенні матэрыялу да навучэнцаў.

За перыяд работы ў школе назапашаны разнастайны краязнаўчы матэрыял, які актыўна выкарыстоўваецца ў вучэбнай рабоце і пазакласнай дзейнасці не толькі мною, але і калегамі ў школе: летапіс школы; летапіс вёскі Бярозавічы; экспазіцыі школьнага музея папоўніліся нагляднымі экспанатамі (прадметы быту, прылады працы), пісьмовымі (газеты, дакументы, рукапісныя пісьмы) і фотаздымкамі. Распрацаваны і праводзяцца экскурсіі для вучняў у школьным музеі “Шлях саўгаса імя Кутузава”, “Часцей, часцей прыпамінай імёны паўшых смерцю храбрых”, “Я хаце абавязаны прапіскаю – калыскаю, падвешанай пад столь” і інш. Распрацаваны экскурсійны маршрут “Шляхамі Перамогі” і вусны часопіс “Памяць пра Халакост– шлях да талерантнасці”.

Я ўпэўнены, што развіццё пазнавальнай цікавасці да прадмета сродкамі краязнаўства з’яўляецца эфектыўным толькі тады, калі пры вывучэнні прадмета “Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі” паралельна разглядаюцца з’явы мясцовага быту, гісторыі, культуры.

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий