- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Дакрануліся да гісторыі

 

Калі і з чаго трэба пачынаць патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення? Педагогі ясляў-сада аграгарадка Раманавічы праводзяць гэту работу з дашкольнага ўзросту. Дзеці вельмі рана пачынаюць праяўляць цікавасць да гісторыі сваёй краіны, з задавальненнем знаёмяцца з адметнымі мясцінамі і вядомымі людзьмі свайго роднага краю.

Выхавальнікамі рэгулярна праводзяцца тэматычныя заняткі “Мая малая Радзіма – Раманавічы”. Асабліва займальным для выхаванцаў быў удзел у выставе малюнкаў на тэму “Мой любімы куточак Зямлi”. Яны прайшлі ў кожнай узроставай групе. Бацькі таксама не засталіся ў баку і актыўна паўдзельнічалі ў фотавыставе “Мой родны кут, як ты мне мілы”. Бо прыгажосць роднага краю побач, трэба толькі яе ўбачыць.

У рамках абласнога праекта “Мая Зямля – Прыдняпроўе” для выхаванцаў старшай групы была арганізавана экскурсія ў школьны краязнаўчы музей Раманавіцкай сярэдняй школы. Экскурсію правяла для рабят навучэнка 11-га класа, член БРСМ Алена Марчанка. Дзеці з задавальненнем слухалі аповед экскурсавода, з цікаўнасцю разглядалі экспанаты. Асабліва ім спадабалася зала, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне. Там былі прадстаўлены фотапартрэты ветэранаў, спісы ўзнагароджаных ордэнамі і медалямі. У вітрынах – узнагароды і ўзнагародныя пасведчанні, падзячныя лісты, франтавая перапіска, асабістыя рэчы ўдзельнікаў вайны, макеты зброі.

Хлопчыкі і дзяўчынкі былі ў захапленні ад наведвання музея і падзякавалі за займальную экскурсію. У дзяцей засталося шмат уражанняў ад убачанага. Яны зразумелі, каб быць патрыётам, многага не трэба. Дастаткова проста навучыцца любіць свой край і людзей, з якімі ты жывеш.

Аксана БАГАМАЗ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада аг. Раманавічы
Магілёўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий