- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Хочаш быць паспяховым – стань упэўненым у сабе

 

18 сакавіка ў 5 класах сярэдняй школы № 7 Смаргоні праведзены трэнінг Навучанне навыкам упэўненых паводзін.

Упэўненасць у сабе – гэта здольнасць прымаць сябе цалкам і давяраць сабе. Прымаць сябе цалкам азначае ўсведамляць свае зоны росту і свае моцныя бакі адначасова. Бо, абапіраючыся на свае моцныя бакі, ты можаш дасягнуць поспеху, набыць і ўдасканаліць любыя навыкі. Праблема часцей за ўсё заключаецца ў тым, што пра свае недахопы мы гаворым шмат і маляўніча, а вось пра свае здольнасці і таленты часцей маўчым.

У пачатку трэнінга дзецям было прапанавана ўспомніць пра свае дасягненні, знайсці моцныя бакі свайго характару і расказаць пра гэта прысутным. Аказалася, што гэта было не так проста, таму многім дапамагалі сябры. Практыкаванне многім дазволіла павысіць самаацэнку.

Наступнае практыкаванне пяцікласнікі выконвалі ў парах. Яны вучыліся ўпэўнена глядзець у вочы субяседніку, не адводзячы позірку. Вельмі спадабалася дзецям практыкаванне “Далонькі”. На лісце паперы кожны ўдзельнік абводзіў далоньку і ўнутры контура пісаў рысу характара, якая падабаецца яму ў самім сабе. Лісцікі перадаваліся па кругу, і астатнія ўдзельнікі дапісвалі іншыя якасці, якія падабаліся ім у гаспадары далонькі. Калі далонькі вярнуліся “дадому”, усе дзеці дзякавалі адно аднаму. Гэтае практыкаванне навучыла дзяцей знаходзіць у іншых людзях станоўчыя якасці.

Для зняцця мышачнага і эмацыйнага напружання дзеці вучыліся рабіць дыхальную і гукавую гімнастыку.

У рэфлексіі пяцікласнікі адзначылі, што даведаліся пра сябе шмат новага, зразумелі, для чаго трэба павышаць упэўненасць у сабе, і навучыліся некаторым прыёмам самарэгуляцыі.

Вольга ТРЫШЫНА,
педагог-псіхолаг
сярэдняй школы № 7 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий