- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Цікавая экскурсія ў Воранаўскі каледж

 

Вучні 9-га класа Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна ў шосты школьны дзень адправіліся ў Воранаўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці з прафарыентацыйнай экскурсіяй.

Пытанне пра правядзенне экскурсіі паўстала не спантанна. У раёне паміж школамі і Воранаўскім прафесійна-тэхнічным каледжам існуе цесная ўзаемасувязь. Там школьнікі знаёмяцца з прафесіямі, якія могуць атрымаць у каледжы. Прафесійнае самавызначэнне вучняў – гэта важны момант выхаваўчай работы. Калі надаваць патрэбную ўвагу прафарыентацыі, то ў выпускным класе амаль кожны навучэнец ужо вызначыцца з выбарам сваёй будучай прафесіі.

Педагогі і майстры вытворчага навучання сельскагаспадарчага каледжа расказалі, якія спецыяльнасці можна атрымаць ва ўстанове: трактарыст-машыніст, кіроўца аўтамабіля катэгорыі С, электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання. Правялі дзяцей па аўдыторыях і вытворчых майстэрнях. У школьнікаў была магчымасць сесці за руль грузавой машыны і самастойна праехацца, адчуць працоўную атмасферу.

Падчас экскурсіі навучэнцы наведалі музейны пакой “Вытокі” Воранаўскага каледжа, дзе яны пазнаёміліся з цікавымі прадметамі сялянскага побыту. У экспазіцыі прадстаўлены: стэнды з фотаматэрыяламі, альбомы, артыкулы з газет, кнігі, вырабы майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, матэрыялы з ваеннага мінулага.

– Гэта не настальгія па мінуламу, – адзначыла педагог-арганізатар каледжа Святлана Вашкевіч. – Ідэя – даць навучэнцам, наведвальнікам музейнага пакоя магчымасць зразумець і ацаніць спадчыну даўніх часоў, расказаць новаму пакаленню, як жылі іх бабулі і дзядулі, бацькі. Пазнаёміць з людзьмі, для якіх сцены нашай навучальнай установы калісьці сталі стартавай пляцоўкай для паспяховай будучыні, геройскіх учынкаў.

Усе ўдзельнікі экскурсіі засталіся задаволеныя. Некалькі вучняў выказалі жаданне паступіць у каледж. Гэта і ёсць асноўны вынік экскурсіі.

Аксана АНДРУКОНІС,
класны кіраўнік 9-га класа
Доцішскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий