- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Знаёмімся з вытворчасцю Лідчыны

 

У рамках рэгіянальнага прафарыентацыйнага праекта “#Эканоміка. Асоба. Будучыня”, які накіраваны на знаёмства школьнікаў і педагогаў з прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасцю, спортам і культурай нашай малой радзімы, вучні 8 “Б” і 10 “А” класаў сярэдняй школы № 11 Ліды наведалі прамысловае прадпрыемства СТАА “Бел-Пласт Інтэрнэшнл”.

Самыя лепшыя ўражанні і водгукі засталіся ў падлеткаў пасля экскурсіі. Школьнікі ў дзеянні ўбачылі і ацанілі значнасць “Бел-Пласт Інтэрнэшнл”. Прадпрыемства ўжо амаль 20 гадоў з’яўляецца лідэрам у краіне і за мяжой па вытворчасці пластмасавай упакоўкі (бутэлькі, банкі, каністры, накрыўкі) для бытавой хіміі, касметыкі, харчовых прадуктаў і лекавых сродкаў.

У ходзе экскурсіі вучні ўбачылі, як арганізаваны працоўны працэс у цэху, наведалі склад, дзе змаглі ацаніць маштабы вытворчасці, у канферэнц-зале іх увазе былі прадстаўлены дасягненні прадпрыемства і ўзоры пластмасавых упаковак для вядомых гандлёвых марак.

Прыемным момантам для навучэнцаў стала асабістае знаёмства з кіраўніком прадпрыемства Анатолем Вялікіным. Школьнікі змаглі пагутарыць з кіраўніком, задаць пытанні, якія іх зацікавілі, і атрымаць кампетэнтныя адказы. А пытанняў было шмат, бо прадпрыемства сапраўды ўразіла ўсіх.

Для нашых вучняў гэта толькі пачатак у іх знаёмстве з прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасцю Лідскага рэгіёна. У нашай малой радзімы даволі высокі вытворчы патэнцыял, і ў планах – наведванне іншых прадпрыемстваў.

Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 8 “Б” класа
сярэдняй школы № 11 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий