Дай, калі можаш, вазьмі – калі хочаш

- 23:27БРЕСТЧИНА, Регионы

 

 

У гімназіі Ляхавіч адбылося незвычайнае для невялікага райцэнтра адукацыйнае мерапрыемства – міні-EdCamp. Гэта выдатная пляцоўка для абмену ідэямі, як суаднесці адукацыю з патрабаваннямі людзей і рынку працы.

Для (не)канферэнцыі праграма загадзя не складаецца, яе вызначаюць усе ўдзельнікі. Спачатку праходзіць кірмаш ідэй, дзе педагогі за адну хвіліну імкнуцца зацікавіць прысутных сваёй ідэяй. Затым здапамогай сцікераў вызначаюцца самыя цікавыя і актуальныя тэмы. Выбраныя спікеры атрымліваюць пляцоўкі для прэзентацыі сваёй дзейнасці. Удзельнікі свабодна перамяшчаюцца паміж пляцоўкамі, дзе праходзяць майстар-класы, даклады, трэнінгі, прэзентацыі, абмеркаванні. Галоўны прынцып (не)канферэнцыі: “Дай, калі можаш, вазьмі – калі хочаш”. Заснавальнікамі праекта з’яўляюцца Яўген і Настасся Пугач. Праект дзейнічае пры падрымцы актыўных настаўнікаў, валанцёраў і партнёрскіх арганізацый.

Гімназія Ляхавіч была выбрана месцам правядзення мерапрыемства невыпадкова. У бягучым навучальным годзе наша ўстанова з’яўляецца школай-партнёрам праграмы “Настаўнік для Беларусі”, па якой працуюць настаўнік геаграфіі Наталля Рабцэвіч і настаўнік матэматыкі Таццяна Крапіневіч.

На міні-Ed Camp у Ляхавічах былі вызначаны 10 ідэй, якія больш за ўсё захапілі настаўнікаў. Так, вялікую цікавасць выклікала экспертная сесія ад Вольгі Ткачук “Урокі птушкі фенікс: як педагогу спраўляцца з эмацыянальным выгараннем”.

 

Далей адбыліся настаўніцкія сесіі, якія набралі найбольш галасоў падчас кірмашу ідэй. Удзельнікам былі прапанаваны на выбар майстар-класы “Інтэлектуальная гульня як форма правядзення вучэбных заняткаў” (намеснік дырэктара сярэдняй школы № 36 Мінска Ніка Юхноўская), “Аднаўленне рэсурсаў” (педагог-псіхолаг гімназіі Дзяржынска Ксенія Гаршкова), “Прыёмы развіцця беглага чытання ў малодшым школьным узросце” (настаўнік пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Ляхавіч Ніна Юрчык), “Фарміраванне пазнавальных вучэбных дзеянняў” (настаўнік пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Лагойска Святлана Іванюшына), “Настаўніцкія ініцыятывы: цяжкасці і радасці” (настаўнік матэматыкі сярэдняй школы № 20 Барысава Ірына Адамовіч), трэнінгі “Тэрыторыя талерантнасці” (настаўнік гісторыі Брожскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна Юлія Фядзяніна), “Ратавальная камізэлька, ці Як не патануць у медыяакіяне” (настаўнік пачатковых класаў сярэдняй школы № 17 Барысава Святлана Локіс), “Гульня “Што? Дзе? Калі?” (настаўнік рускай мовы і літаратуры Пярэжырскай сярэдняй школы імя А.Е.Гурыновіча Ганна Алёхна) і “Тэатралізацыя як спосаб павышэння матывацыі” (настаўнік нямецкай мовы сярэдняй школы № 2 Ляхавіч Людміла Хмарук).

Мерапрыемства прайшло на адным дыханні. Яго форма дала магчымасць выбраць тэму і выступоўцу. А самае важнае – да нас прыехалі апантаныя настаўнікі з розных рэгіёнаў Беларусі і з радасцю падзяліліся цікавымі ідэямі з калегамі. Гэта вельмі натхняе і акрыляе!

 

Таццяна МАСЛОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
гімназіі Ляхавіч

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий