- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Эканамічны лікбез – патрабаванне часу

 

Урокі фінансавай дасведчанасці традыцыйна праходзяць у Нягневіцкай сярэдняй школе Навагрудскага раёна ў сакавіку, калі ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень фінансаў дзяцей і моладзі.

Сёння грамадскасць сутыкнулася з сур’ёзнай праблемай: махлярствам з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій. У першую чаргу гэта тычыцца крадзяжу грашовых сродкаў з банкаўскіх картак. Таму надзённай патрэбай стала неабходнасць павышэння ўзроўню ведаў дзяцей у вобласці фінансаў, фарміраванне ўяўленняў пра банкаўскія прадукты, асаблівасці банкаўскай дзейнасці. Менавіта на гэта была быў накіраваны тыдзень фінансавай дасведчанасці, што прайшоў у нашай школе.

 

Дзеці любяць гуляць у любым узросце. Падчас гульні можна стварыць сітуацыю рэальнага жыцця, даць магчымасць дзецям паспрабаваць сябе ў ролі дарослага чалавека, адказнага за свае ўчынкі. Адным з мерапрыемстваў тыдня стаў эканамічны лікбез, праведзены ў шосты школьны дзень. Яго тэма – “Асабісты фінансавы план” – зацікавіла вучняў 5–7-х класаў, якіх запрасілі да сябе васьмікласнікі. На гэты раз усё было “фінансавае”. На пачатку сустрэчы вядучы гульні прапанаваў віктарыну “Што такое фінансы?”, затым у групах рашалі фінансава-эканамічныя задачы, напрыклад, па якой цане зайцам прадаць моркву, каб не панесці страты, бо працавалі ж старанна ўсё лета. Хлопчыкі і дзяўчынкі граматна фармуліравалі пытанні, выкарыстоўвалі словы прафесійнай лексікі, што сведчыць пра іх зацікаўленасць, жаданне даведацца яшчэ больш, павысіць фінансава-адукацыйны ўзровень.

Што такое асабісты фінансавы план, вучні 8-га класа паспрабавалі расказаць у даступнай форме. Для гэтага ім давялося прачытаць адпаведную літаратуру, атрымаць кансультацыю ў бацькоў, скласці разам з імі свой фінансавы план. Менавіта таму гульня “Асабісты фінансавы план” прайшла весела, усе прысутныя дзеці былі актыўныя, выказвалі свае прапановы, меркаванні, не баяліся памыліцца. Крок за крокам ішлі яны да сваёй мэты: склалі алгарытм дзеянняў, абмеркавалі кожны пункт, задумаліся над тым, без чаго можна абысціся, што адкласці на больш позні час, на чым можна сэканоміць, суаднеслі жаданае з рэальным – і атрымаўся фінансавы план. Работа вельмі захапіла школьнікаў. Яны зразумелі, што могуць планаваць свае фінансавыя затраты, толькі трэба гэтаму яшчэ крышачку павучыцца. А ў канцы сустрэчы ўсе атрымалі салодкія пачастункі. Працавалі і зарабілі!

 

Марына СЯВЕЦ,
класны кіраўнік 8-га класа
Нягневіцкай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий