“Салодкія” малюнкі ад маленькіх кандытараў

- 12:24ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

На гэтым тыдні выхаванцы ясляў-сада № 2 Свiслачы на чарговым занятку ў гуртку “Вясёлая палітра” прымерылі на сябе прафесію кандытара. Намаляваныя каляровым цестам капкейкi з клубнічным крэмам прыгатаваліся шляхам запякання ў мікрахвалевай печы.

Пачаўся занятак з кароткай пазнавальнай гутаркі пра прафесiю кандытара i запяканне як шлях прыгатавання кандытарскіх вырабаў. Далей дзецям было прапанавана намаляваць капкейк з клубнічным крэмам. Хлопчыкi i дзяўчынкi даведаліся, што капкейк – гэта амерыканская назва кексу, у перакладзе азначае “пірожнае з кубка”. Капкейк вядомы таксама пад назвай “фэйры кейк”, што ў перакладзе – “казачны торт, пірожнае”. Капкейк або фэйры кейк – гэта пірожнае невялікага памеру, запечанае ў кубку, якое часта змяшчае элементы кандытарскіх упрыгожванняў. Было прыкметна, што дзецям спадабаўся другі варыянт кекса, казачны. Сапраўды, хлопчыкаў i дзяўчынак чакала цудоўнае, незвычайнае маляванне, бо ім трэба было маляваць не звыклымі для іх акварэльнымі фарбамі або гуашшу, а вадкім каляровым цестам.

Гурткоўцы ўважліва разгледзелі цеста, змяшалі яго лыжачкай, азнаёміліся з яго сумессю, атрымалі ўказанне на тое, што яго нельга спрабаваць. Пасля выканання пальчыкавай гімнастыкі “Торт” малыя ў чаканні цуду прыняліся за незвычайнае для іх маляванне. Спачатку яны абвялі простым алоўкам контур шаблону капкейка, а далей – самая цікавая частка малявання. Маленькай пластмасавай лыжачкай дзецi накладвалі спачатку светла-карычневае цеста на контурны малюнак кубка капкейка, затым раўнамерна размяркоўвалі яго жорсткiм плоскiм пэндзлікам па паверхні малюнка. Аналагічным спосабам маленькія мастакі малявалі крэмавую частку капкейка, выкарыстоўваючы пры гэтым цеста далікатна-ружовага колеру. Каб дэсерт максімальна быў падобны на сапраўдны, “мастакi-кандытары” кончыкам пэндзліка выканалі дэкаратыўнае прадрапванне характэрных ліній на кубачку капкейка і яго крэмавай часткі. Засталося ўпрыгожыць крэмавую шапачку міні-торціка кандытарскай вобмешкай (фарбаваным рысам). У той час, як дашкаляты дружна выконвалі фізхвілінку “Кандытары”, “салодкія” малюнкі запякаліся ў мікрахвалевай печы.

I вось намаляваныя ласункі гатовыя. Непадробнае захапленне і радасць выклікалі ў хлопчыкаў i дзяўчынак запечаныя малюнкі капкейкаў. Цеста набыло цвёрдасць, малюнкі сталі выпуклыя, аб’ёмныя. Цi гэта не цуд? Апошнім штрыхом быў традыцыйны рознакаляровы напырск, якім гурткоўцы звычайна ўпрыгожваюць фон сваіх маленькіх шэдэўраў.

Разглядаючы малюнкі адно аднаго, захопленыя вынікам сваёй дзiўнай творчай працы, дзецi выказваліся, што капкейкi атрымаліся такiя прыгожыя i падобныя на сапраўдныя, што іх нават хочацца з’есці.

Наталля БОЙКА,
кіраўнік гуртка “Вясёлая палітра”
ясляў-сада № 2 Свіслачы

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий