- Клуб молодого журналиста

Схілім галовы ў памяць спаленых жыўцом

 

Раман ДУХОЎНІК, 
вучань 10-га класа
Пятрэвіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

 

20 красавіка вучні Пятрэвіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна прынялі ўдзел у мітынгу-рэквіеме да Дня памяці ахвяр Хатыні “Званы Хатыні”, каб ушанаваць памяць жыўцом спаленых у агні жыхароў беларускіх вёсак.

За перыяд з чэрвеня 1941 года па ліпень 1943 года на тэрыторыі Беларусі было спалена 9200 сёл і вёсак, з іх – больш 5 тысяч разам з насельніцтвам ці яго часткаю. Сярод такіх аказалася і вёска Пудзіна Пятрэвіцкага сельскага Савета, дзе было спалена 69 гаспадарак і растраляны 21 жыхар.

Вучні нашай школы ў рамках дзейнасці краязнаўчага клуба “Спадчына”, пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Т.У.Гірыновіч, правялі даследчую работу, вынікі якой былі заслуханы падчас правядзення мітынгу.

Акордным этапам правядзення мітынгу сталі словы-зварот хатынцаў, якія “усталі з попелу”, да людзей: “Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё і Радзіму нашу, і вас, дарагія… Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: няхай смутак абернецца ў вашу мужнасць і сілу, каб змаглі вы зацвердзіць навечна мір і пакой на зямлі. Каб з гэтага часу нідзе і ніколі жыццё не ўмірала”.

У адказ прагучалі словы маладога пакалення: “Родныя вы нашы. Галовы ў смутку вялікім схіляем перад вамі. Вы прынялі смерць, але не схіліліся перад фашысцкімі забойцамі ў чорныя дні ліхалецця. Памяць пра вас будзе неўміручай, як вечная зямля і вечнае яркае сонца над ёю”.

У знак пашаны шасцёра вучняў выйшлі да помніка з запаленымі лапмадкамі і, стаўшы на калена, схілілі галовы.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць жыўцом спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны жыхароў Беларусі хвілінай маўчання.

Мерапрыемства закранула сэрца кожнага прысутнага. Мы павінны памятаць гісторыю, гераічнаць і мужнасць беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий