- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Школьнікі прайшлі па месцах баявой славы  

   

У рамках усенароднай рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Памяць” з мэтай грамадзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення 20 сакавіка для навучэнцаў Вердаміцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы і Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна пры садзейнічанні грамадскага аб’яднання “Белая Русь” была арганізавана экскурсія ў Ваўкавыск па месцах баявой славы і ў мемарыяльны комплекс “Шаўлічы” Ваўкавыскага раёна.

Перад паездкай у Ваўкавыскі раён вучні Вердаміцкай школы наведалі гісторыка-краязнаўчы музей “Млын часу” Поразаўскай сярэдняй школы, дзе поразаўскія навучэнцы вельмі захоплена паведамілі многа цікавага з гісторыі сваёй малой радзімы.

На класных гадзінах і пазакласных мерапрыемствах, праведзеных перад экскурсіяй, дзеці даведаліся, што 22 сакавіка спаўняецца 78 гадоў з таго чорнага дня, калі жыхароў вёскі Хатынь спалілі фашысты карнага атрада. Нашы экскурсанты даведаліся і пра тое, што ў гады Вялікай Айчыннай “вогненныя вёскі” з’явіліся ў многіх беларускіх рэгіёнах, але… Хатыні была прыгатавана місія стаць сімвалам памяці пра масавае знішчэнне мірнага насельніцтва на акупаваных савецкіх землях.

Трагедыя ў вёсцы Шаўлічы адбылася 7 ліпеня 1943 года. Нямецкія салдаты і паліцаі, абвінаваціўшы жыхароў у дапамозе партызанам і ў смерці нямецкага афіцэра (яго забілі недалёка ад вёскі) знішчылі і людзей, і вёску. У гэты дзень загінула звыш трохсот чалавек, з іх каля сотні дзяцей. Немцы спалілі ўсе хаты і гаспадарчыя будынкі. Вёска Шаўлічы, якая складалася з 77 двароў, дзе жылі 94 сям’і, перастала існаваць. Зараз пра страшную трагедыю нагадваюць мемарыяльны звон на тэрыторыі былой вёскі і больш за 40 сімвалічных зрубаў спаленых дамоў з памятнымі таблічкамі, на якіх напісаны прозвішчы жыхароў .

Слёзы падчас мітынгу-рэквіема стрымаць было цяжка ўсім нашым школьнікам.

На экскурсіі па памятных месцах і месцах баявой славы Ваўкавыска школьнікі даведаліся ад экскурсавода пра падзеі дзвюх войнаў на тэрыторыі Ваўкавыскага раёна, якія насілі назву айчынных – гэта вайна 1812 года з Напалеонам і вайна 1941–1945 гадоў з фашысцкай Германіяй. У абодвух выпадках яны былі айчыннымі, таму што на абарону сваёй Айчыны падняўся ўвесь народ, гэта сапраўды былі войны народныя, незалежна ад перакананняў і саслоўяў, войны, калі вораг мог захапіць і знішчыць краіну. Войны, калі пад пагрозай было існаванне нацыі.

Такія паездкі-экскурсіі маюць асаблівае значэнне для падрастаючага пакалення, яны дазваляюць згуртавацца сучасным школьнікам дзякуючы ўсведамленню подзвігу нашых людзей . Вяртаючыся дадому, нашы вучні ўсхвалявана абмяркоўвалі атрыманую падчас экскурсіі інфармацыю, і ўсе яны прыйшлі да меркавання, што цяперашняму пакаленню вельмі неабходна і важна ведаць пра гістарычныя падзеі нашай краіны, пра тое, якім коштам дасталася нашым дзядам і прадзедам мірнае жыццё, а таксама ганарыцца сваім народам і краінай. З паездкі абыякавым ніхто не вярнуўся!

Нам не патрэбна вайна! Мы хочам жыць у свеце і дабрабыце, любавацца чыстым бясхмарным небам і быць шчаслівымі ад усведамлення таго, які цудоўны гэты свет. Мы абавязаны берагчы і ахоўваць мір, каб страшнае слова “вайна” не ўварвалася ў наша жыццё. Чалавецтва павінна навучыцца бачыць свет тут і цяпер, прааналізаваць і ацаніць свае дзеянні і ўчынкі, зрабіць высновы і паступаць так, каб была надзея, што наступіць заўтра.

Ала СКІБІЦКАЯ,
класны кіраўнік 6-га класа
Вердаміцкага дзіцячага-сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий