- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Суботні інтэлектуальны адпачынак

 

З нецярплівасцю чакаюць чарговай суботы вучні сярэдняй школы № 7 Смаргоні. У гэты дзень у школе праходзіць інтэлектуальная гульня “Эрудыт”.

Ніякіх урокаў. Толькі сябры і цікавы адпачынак. І вось, нарэшце, доўгачаканая сустрэча зноў у школе. Ужо ўсё падрыхтавана да інтэлектуальнай гульні “Эрудыт”. Хуценька размяркоўваемся па камандах. Журы займае сваё ганаровае месца. Вядучы апошні раз праглядае складзены сцэнарый. Крыху хвалюемся. Мы ведаем: нас чакаюць два раўнды, якія складаюцца з пяці тэм па чатыры пытанні ў кожнай. На першы погляд, нічога складанага.

Гучаць сімвалічныя акорды, якія абвяшчаюць пачатак гульні. Уважліва ўглядаемся ў назвы рубрык: “Жарты”, “Загадкі”, ”Так ці не”, “Самае-самае”… Здаецца, усё зразумела. Аднак ужо на першыя заданні не атрымоўваецца даць правільны адказ. Нават разгубіліся. Дарэчы, мы – гэта каманды вучняў 10-х класаў сярэдняй школы № 7 Смаргоні “Абвгдэйкі” і “Мушкецёры”. Але Яе Вялікасць Гульня ў хуткім часе забірае ўсю нашу ўвагу і разгубленасць дзесьці знікае. І вось мы ўжо адкрываем для сябе новыя факты. Дружна смяёмся з пытанняў-жартаў. Радуемся сваім правільным адказам.

Час прамільгнуў імгненна. З’яўляюцца апошнія пытанні на экране. Застаецца дачакацца падліку балаў і заключнага слова журы. Зноў хвалюемся і віншуем “Мушкецёраў”. Гульня скончылася, але сумуем нядоўга. Праз тыдзень зноў будзе новая субота і зноў будзе новы інтэлектуальны адпачынак.

 

Валянціна ЛУКОШКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 7 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий