- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Дзень паэзіі ў Жухавіцкай школе

 

У Жухавіцкай сярэдняй школе Карэліцкага раёна адзначылі Сусветны дзень паэзіі, які штогод святкуецца 21 сакавіка.

 

Усіх аматараў паэзіі школы сабрала літаратурная гасцёўня “Паэзія – цудоўная краіна”. Прысутныя пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення свята. Гучалі вершы-прысвячэнні паэзіі Максіма Багдановіча, Яўгеніі Янішчыц, Рыгора Барадуліна, Пімена Панчанкі, Максіма Танка. 

Самае тонкае чалавечае пачуццё – каханне – па-сапраўднаму раскрываецца, дзякуючы паэзіі. Менавіта таму большасць вершаў у час гасцёўні былі прысвечаны інтымнай лірыцы. Вучні з цікавасцю расказвалі пра каханне Якуба Коласа да Ганны, А.С.Пушкіна да Наталлі.

А колькі цудоўных песень напісана на вершы беларускіх паэтаў! І жартоўныя, і лірычныя, але амаль ва ўсіх іх праходзіць спрадвечная тэма кахання. Надаць мерапрыемству святочнае гучанне дапамаглі музычныя кампазіцыі: “Я вас люблю” (на словы А.Грачанікава), “Ты думаў пра мяне” (на словы Канстанцыі Буйло), “Кахання нашага пара” (на словы Генадзя Бураўкіна).

Напрыканцы літаратурнай гасцёўні прагучала думка, што кожны чалавек можа асабіста спасцігнуць яе таямніцы, але для гэтага трэба быць чуйным, назіральным, адкрытым душой.

Пісаць вершы дадзена не кожнаму, але навучыцца разумець іх, адчуваць прыгажосць самога жыцця – можна. Гэтаму і вучыць нас паэзія.

Аліна ДЗЕДАВЕЦ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Жухавіцкай сярэдняй школы
Карэліцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий