- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Іўеўскія настаўнікі, якія вучацца ўсё жыццё

 

У Іўеўскай сярэдняй школе ў рамках унутрышкольнай метадычнай вучобы настаўнікаў пачатковых класаў і выхавальнікаў групы падоўжанага дня прайшоў семінар-практыкум “Кантрольна-ацэначная дзейнасць настаўніка як сродак стымулявання вучэбнай дзейнасці навучэнцаў”.

Мэта мерапрыемства – павышэнне ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў праз засваенне навукова-метадычных і псіхалагічных прынцыпаў арганізацыі кантрольна-ацэначнай дзейнасці.

У гэтым кірунку настаўнікамі пачатковых класаў назапашаны вялікі вопыт, але пытанне ацэначнай дзейнасці вучняў на ўроку па-ранейшаму актуальнае. На семінары педагогі паспрабавалі яшчэ раз асэнсаваць праблему ацэньвання ведаў, уменняў і навыкаў навучэнцаў з мэтай далейшага ўдасканалення практыкі, павышэння якасці і эфектыўнасці ўрока.

На тэарэтычным этапе разгледжаны пытанні кантролю як працэдуры праверкі і ацэнкі вучэбных дасягненняў вучняў, выбару метадаў і сродкаў ажыццяўлення кантролю вынікаў вучэбнай дзейнасці, змястоўнай педагагічнай ацэнкі. Настаўнікі пачатковых класаў Т.С.Грышкевіч і Т.Б.Шабановіч падзяліліся сваімі напрацоўкамі па тэмах самаадукацыі “Ужыванне новых лічбавых спосабаў у ацэньванні прадметных ведаў вучняў” і “Актыўная ацэнка як сучасная стратэгія эфектыўнага навучання”.

На практычным этапе семінара была арганізавана работа творчых груп. Вынікам гэтай дзейнасці з’явіліся рэкамендацыі па арганізацыі і ўдасканаленні кантрольна-ацэначнай дзейнасці, стварэнне памяткі “Інавацыйныя формы кантролю вучэбных дасягненняў вучняў”. Свой вопыт работы па арганізацыі, кіраванні, стымуляванні і кантролі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў трансліравалі настаўнік пачатковых класаў Г.І.Міса на навучальным занятку па матэматыцы і выхавальнік групы падоўжанага дня М.І.Манулік на занятку па самападрыхтоўцы ў 2 “А” класе.

Варта адзначыць, што ў нашай школе маюцца ўсе ўмовы для ўдасканалення прафесійнага майстэрства педагогаў: структураваная сетка метадычнай службы, арганізаваная метадычная работа, настаўнікі – прафесіяналы сваёй справы, якія пастаянна павышаюць свой метадычны ўзровень, сучасная матэрыяльна-тэхнічная база.

Метадычная работа ва ўстанове адукацыі – эфектыўная форма павышэння кваліфікацыі ў міжкурсавы перыяд, магчымасць праявіць творчую актыўнасць, шмат чаму навучыцца. Нельга не пагадзіцца са словамі М.Лізінскага: “Настаўнік – гэта чалавек, які вучыцца ўсё жыццё, толькі ў гэтым выпадку ён мае права вучыць”.

Таццяна ГРЫШКЕВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў,
кіраўнік метадычнага аб’яднання
настаўнікаў пачатковых класаў і выхавальнікаў ГПД,
Іўеўскай сярэдняй школы

 

Поделиться ссылкой:

+2

Добавить комментарий