- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Сучаснаму пакаленню – сучасныя тэхналогіі

 

З мэтай павышэння ў навучэнцаў цікавасці да вучэбных прадметаў “Матэматыка”, “Інфарматыка”, “Фізіка” і “Астраномія” з 15 па 20 сакавіка ў Вензавецкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна праведзены прадметны тыдзень.

Педагогі ўстановы згодныя з вядомым выразам заснавальніка дынастыі Ротшыльдаў: “Хто валодае інфармацыяй, той валодае светам”. Але пры гэтым дадаюць: “А хто ўмее прадставіць інфармацыю так, каб іншыя маглі ёю скарыстацца, той валодае розумамі”. 

У свеце сучасных патрабаванняў і ўмоў у сістэме адукацыі настаўнікі паставілі перад сабой задачу ўнесці кардынальныя новаўвядзенні ў класічную форму правядзення мерапрыемстваў. Пагадзіцеся, істотна разнастаіць адукацыйны працэс і забяспечыць якаснае засваенне ведаў дазваляюць інфармацыйныя і інтэрнэт-тэхналогіі. Асабліва гэта тычыцца прадстаўнікоў пакалення Z, якія праводзяць свой вольны час за праглядам забаўляльнага кантэнту на сэрвісах YouTube, TikTok, у сацыяльных сетках.

Зыходзячы з гэтага, абраны адзін з лепшых, на наш погляд, варыянтаў арганізацыі і правядзення прадметнага тыдня – стварэнне віртуальнай пляцоўкі для публікацыі інфармацыйнага матэрыялу.

У выніку атрымаўся блог (https://mifaven.blogspot.com) з простай і зразумелай навігацыяй, яркім стылявым афармленнем, шэрагам відарысаў, у тым ліку анімацыйных, відэа. Кожны настаўнік-прадметнік публікаваў асабістыя інтэрактыўныя заданні (віктарыны, крыжаванкі, тэсты, рэбусы), ствараў формы адказаў для адсочвання статыстыкі іх выканання. У ходзе конкурсаў на самае МІФічнае і Арыгінальнае сэлфі ці фотаздымак, конкурса прэзентацый усе файлы размешчаны на адпаведных старонках у адкрытым доступе з указаннем аўтараў. Аформлены інфармацыйны і навінны матэрыял па астатніх мерапрыемствах тыдня.

Граматнае планаванне тыдня паспрыяла больш адкрытаму супрацоўніцтву навучэнцаў з педагогамі не толькі ў жывых зносінах, але і віртуальным асяроддзі сродкамі мабільных мэсэнджэраў, сацыяльных сетак і электроннай пошты. Тэматыка і змест мерапрыемстваў спланаваны так, каб дзеці маглі максімальна праявіць свае індывідуальныя здольнасці, якія не заўсёды атрымліваецца разгледзець на вучэбных занятках. А менавіта: лагічнае мысленне, кемлівасць, стараннасць, мэтанакіраванасць, творчасць і крэатыўнасць.

Добразычлівасць педагогаў і аказанне імі запатрабаванай дапамогі, мультымедыйныя анлайн-сэрвісы з функцыяй выканання задання ў дыстанцыйнай форме ў зручны перыяд часу далі магчымасць навучэнцам узбагаціць асабісты вопыт, набыць неабходныя практычныя ўменні і навыкі, што спрыяе развіццю цікавасці да дакладных навук.

22 сакавіка на школьнай лінейцы падведзены вынікі прадметнага тыдня. Кожны настаўнік у разрэзе свайго вучэбнага прадмета вызначыў і ўзнагародзіў дадатковым балам найбольш дапытлівых навучэнцаў. Па выніку ўдзелу ва ўсіх мерапрыемствах узнагароджаны сюрпрызамі ад педагогаў самыя актыўныя навучэнцы і самы актыўны клас.

Правядзенне прадметнага тыдня ў віртуальным асяроддзі паказала, што выкарыстанне камп’ютарных тэхналогій – гэта не ўплыў моды, а неабходнасць, якая дыктуецца сённяшнім узроўнем развіцця адукацыі. Інфармацыйныя і інтэрнэт-тэхналогіі сталі неад’емнай часткай цэласнага адукацыйнага працэсу, а фарміраванне ІКТ-кампетэнцыі педагагічных работнікаў дазваляе эфектыўна вырашаць пытанні абнаўлення яго форм і метадаў.

Кацярына ЛАТУШКА, Алена ШЫМКО,
настаўнікі Вензавецкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий