З якой нагоды чашніцкія вучні наведалі ўніверсітэт?

- 7:51ВИТЕБЩИНА, Регионы

 

Вучні 9–11-х класаў і настаўнікі сярэдняй школы № 4 Чашнікаў пабывалі на экскурсіі ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава – кузні педагагічных кадраў Віцебшчыны.

Першы раз пабывала ў вышэйшай установе адукацыі пасля атрымання атэстата сталасці. Прывезла дакументы для паступлення ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Не адно дзесяцігоддзе мінула з той пары. Ды вось напрыканцы студзеня, калі разам з вучнямі ехала ў абласны цэнтр, успомніўся той шчаслівы час. Вядома ж, нездарма: канечны пункт нашага падарожжа – Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава. Я па-добраму зайздросціла дзецям: усё лепшае – наперадзе…

На сустрэчу ў УВА разам з настаўнікамі прыбылі 19 школьнікаў з ліку сёлетніх выпускнікоў базавай і сярэдняй школы, а таксама дзесяцікласнікі. Некаторыя год таму ўжо наведвалі ўстанову і нават выступалі перад студэнтамі з візіткай школы. Жаданне зноў пабываць у храме навукі выклікана імкненнем звязаць прафесійнае жыццё з педагогікай. Дарэчы, у складзе мінулагодняй дэлегацыі была адзінаццацікласніца Яна Беліжэнка. Зараз яна – студэнтка музычнага аддзялення факультэта.

Запланаванае мерапрыемства, як зазначыла дырэктар школы Алена Дабатоўкіна, праводзілася ў рамках прафарыентацыйнай работы. Паміж сярэдняй установай і УВА – цесныя сувязі. 70 % педкалектыва чацвёртай чашніцкай школы – выпускнікі ўніверсітэта. Пазначаны паказчык сярод кіраўніцтва складае амаль 100 %. Педагогі ўстановы – прыклад служэння прафесійнай справе. Адзіны ў раёне настаўнік-метадыст – загадчык навучальнай часткі Ірына Касцянка. Яна з’яўляецца фіналістам рэспубліканскага этапа конкурса “Настаўнік года ”. Сведчанне высокага прафесіяналізма педагогаў – вынікі вучняў на розных этапах рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Невыпадкова, што прафесія настаўніка папулярная ў падапечных.

Выпускнікі чацвёртай школы ёсць амаль на кожным факультэце ўніверсітэта. Ёсць яны і сярод выкладчыкаў. Напрыклад, намеснік дэкана педагагічнага факультэта Наталля Крыцкая ў мінулым і выпускніца, і настаўніца сярэдняй школы № 4 Чашнікаў. Пракласці шлях да навукі дапамог вопыт школьнага педагога.

29 студзеня дзверы падраздзялення ўніверсітэта, дзе працуе зямлячка, зноў гасцінна расчыніліся для чашнічан. Госці ўваходзілі пад гукі скрыпкі. Музыка ў памяшканні старадаўняй будовы спрыяла асаблівай урачыстасці.

Знаёмства з установай пачалося са сталовай факультэта. Пасля зімовай дарогі здоба ўніверсітэцкіх кухараў падалася надзвычай смачнай.

Шмат цікавага даведаліся школьнікі падчас экскурсіі ў гістарычным музеі. “Мы добра ведаем свае карані,” – сведчыць кожны экспанат. Мінулае асабліва кранае душу. Разглядаючы старыя здымкі пад шклом, нехта ўспомніў, што многа гадоў таму ўніверсітэт даў старт у прафесію бабулі, дзядулі, тату ці матулі. Адданасць педагогіцы не прайшла бясследна, калі сёння нашчадкі гатовы асвойваць педагагічную навуку.

Дэвіз педагагічнага факультэта з 60-гадовай гісторыяй: “Заўсёды вучыцца і вучыць!” Ці не ў гэтым сэнс і поспех справы навучання і выхавання будучыні? Арганізатары дапамаглі гасцям далучыцца да навучальнага працэса, пабываць у аўдыторыях, якія ў канцы студзеня пуставалі з прычыны студэнцкіх канікул. Час абралі невыпадкова: правілы дыктуе эпідэмічнае становішча.

Месца студэнтаў занялі школьнікі. Майстар-класы ад універсітэцкіх педагогаў прыйшліся даспадобы гасцям. Свае прафесійныя навыкі дэманстравалі старэйшыя выкладчыкі Таццяна Оруп (кафедра музыкі), Наталля Карпенка (кафедра дашкольнай і пачатковай адукацыі), Жанна Чобат (кафедра карэкцыйнай работы).

Напрыканцы чашнічан чакала сустрэча з кіраўніцтвам і канцэрт, падрыхтаваны выкладчыкамі сумесна са студэнтамі музычнага аддзялення. Перад прысутнымі выступіла дэкан Іна Шарапава. Яна распавяла пра арганізацыю адукацыйнага працэса. Апошняя заслугоўвае ўвагі. Дзённая форма навучання чатырохгадовая, ажыццяўляецца па чатырох спецыяльнасцях: пачатковая адукацыя, дашкольная адукацыя, алігафрэнапедагогіка, музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія. Дзве завочных формы: пяцігадовая і тры з паловай гады. Першая не мае музычнай падрыхтоўкі, другая – алігафрэнапедагогікі.

“Педагагічная прафесія, – зазначыла кіраўнік, – ва ўсе часы была і будзе прэстыжнай, бо кожнае пакаленне хоча быць адукаваным. Сёння спецыяльнасці настаўніка пачатковых класаў, выхавальніка дашкольных устаноў, настаўніка-дэфектолага і педагога-музыканта – адны з самых запатрабаваных на рынку працы. Лепшае сведчанне – працаўладкаванне ўсіх нашых выпускнікоў. Былыя студэнты педагагічнага факультэта знайшлі сябе ў розных галінах – адукацыі, культуры, навуцы, мастацтве. Мы ганарымся заслужанымі настаўнікамі, вядомымі навукоўцамі, дзеячамі культуры і мастацтва. На факультэце больш сарака педагогаў, многія маюць навуковую ступень, ёсць неабходная матэрыяльная база. Маем усе магчымасці, каб тыя,

хто прыйдзе да нас вучыцца, не расчараваліся ў выбары і атрымалі надзейныя арыентыры для будучыні.”

На практыка-арыентаваным кірунку навучання акцэнтавалі ўвагу загадчыкі кафедр Сяргей Карташоў (музыка), Наталля Бумажэнка (карэкцыйная работа) і Аксана Даніч (начальная адукацыя). Для развіцця практычных навыкаў студэнтаў у горадзе створаны філіялы кафедр: у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 і сярэдняй школе № 31, дапаможнай школе № 26, гімназіі № 8. Інтэграцыі навучальнага працэса, навуковай работы, творчай і вытворчай дзейнасці спрыяюць УНВК “Імкненне” і культурна-гістарычны комплекс “Залатое кальцо.” Школьнікі таксама даведаліся пра творчыя калектывы, якія сталі візітнай карткай педагагічнага факультэта.

Па добрай традыцыі, калі госці хочуць вярнуцца ў месцы, якія наведалі, кідаюць у ваду манеткі. У нашым выпадку на развітанне вучні запаўнялі і пакідалі ў УВА анкеты – добры знак таго, што маюць жаданне апынуцца на некалькі год пад універсітэцкім дахам. А ў хуткім часе ў чашніцкай чацвёртай школе чакаюць выкладчыкаў з педагагічнага факультэта. Ці атрымаецца? Пачакаем.

 

Ірына ТОРБІНА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий