- БРЭСТЧЫНА, Рэгiёны

“Калі б я быў сенатарам…”

 

У Маларыцкім і Камянецкім раёнах падведзены вынікі конкурса дзіцячых сачыненняў “Калі б я быў сенатарам…”. Для пераможцаў і ўдзельнікаў спаборніцтва была арганізавана паездка ў Мінск, дзе яны разам са старшынёй Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Алегам Якубчыкам і старшынёй раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Людмілай Бурштын пабывалі ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Раённы конкурс быў абвешчаны падчас дыскусійнай пляцоўкі “Будучыня – гэта мы!” у Маларыцкай раённай гімназіі членам Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Тамарай Шатлікавай і старшынёй Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Алегам Якубчыкам. Такі ж конкурс быў праведзены і на Камянеччыне.

У творчым спаборніцтве ўдзельнічалі вучні 9–11 класаў. Журы падвяло вынікі конкурсу, пераможцамі якога на Маларытчыне сталі дзевяцікласніца Таццяна Карагодзіна з Лукаўскай сярэдняй школы, дзесяцікласнік Марк Максімук і адзінаццацікласніца Надзея Дземядзюк з Олтушскай сярэдняй школы.

Падчас экскурсіі яе ўдзельнікам расказалі пра гісторыю станаўлення беларускага парламентарызму, парадак фарміравання, кампетэнцыі і структуру Савета Рэспублікі, удасканаленне заканадаўчага рэгулявання сацыяльнай сферы, узаемадзеянне мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і Саветаў дэпутатаў. Пасля адбылася сустрэча са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталляй Качанавай, якая адказала на шматлікія пытанні школьнікаў і ўзнагародзіла пераможцаў конкурсу дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.

Пра што пісалі ўдзельнікі конкурсу? Вось невялікія вытрымкі з некаторых сачыненняў.

Таццяна Карагодзіна: “Калі б я была сенатарам, то актыўна працавала б над пытаннямі абароны правоў людзей, павышэння стыпендый і поўнага забеспячэння іншагародніх студэнтаў інтэрнатамі на бясплатнай ці льготнай аснове, пашырэння праграм для матэрыяльнай і сацыяльнай падтрымкі іншагародніх студэнтаў. Вялікую ўвагу ўдзяляла б арганізацыі дабрачынных праграм, якія дазвалялі б сем’ям, якія маюць патрэбу, аплаціць дарагое лячэнне, у тым ліку ў замежных клініках. Неабходна трымаць на кантролі пытанне паніжэння кошту лекаў у аптэках. Таксама хацелася б звярнуць увагу на пенсіянераў. Я павысіла б падаткі на алкаголь і тытунь”.  

Марк Максімук: “Калі б я быў сенатарам, то абараняў бы сённяшнюю сістэму адукацыі. Самае галоўнае пры ацэньванні ведаў заключаецца не ў тым, каб было лёгка, а ў тым, каб было сумленна, каб усе былі ў роўных умовах. Цэнтралізаванае тэсціраванне, магчыма, не зусім дасканалае, але яно максімальна аб’ектыўнае. Я супраць пашырэння колькасці ўступных экзаменаў ва УВА.

Як сенатар выступіў бы з прапановай пра вяртанне абавязковай 15-хвіліннай зарадкі для працуючага насельніцтва. Гэта ўмацоўвала б здароўе і скараціла б выдаткі на медыцыну. Я буду падтрымліваць сённяшнюю палітыку забеспячэння насельніцтва бясплатнай медыцынай, выступіў бы з прапановай скарачэння аб’ёму папяровай работы ў паліклініках, каб у медыкаў было больш часу для лячэння.

У сельскіх населеных месцах не хапае месцаў, дзе магла б сабрацца моладзь увечары і пагутарыць.

Павышаная ўвага – пенсіянерам. Трэба заахвочваць тых, хто адпрацаваў шмат гадоў, асабліва на адным прадпрыемстве.

Стаўшы сенатарам, я паспрабаваў бы падтрымаць вёскі, якія выміраюць”.

Надзея Дземядзюк: “Сёння вельмі важна ўдасканальваць работу па арганізацыі вольнага часу школьнікаў. Было б вельмі цікава наведваць заняткі па нетыповых для школ накірунках: бальныя танцы, робататэхніка, праграмаванне, акадэмічны малюнак… Для гэтага неабходна прыцягнуць выкладчыкаў са спецыялізаваных навучальных устаноў.

Як сенатар буду садзейнічаць забеспячэнню кожнай установы адукацыі неабходным інвентаром, бо менавіта школа – асноўнае месца вольнага часу ў невялікіх населеных пунктах.

У прыярытэце – экалогія, перапрацоўка другаснай сыравіны, антыкарупцыйныя пытанні…”

 

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий