- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Бяспечныя фінансы

 

Штогод Геранёнская сярэдняя школа Іўеўскага раёна далучаецца да міжнароднага тыдня фінансавай дасведчанасці (GlobalMoneyWeek). У гэтым годзе ён прайшоў пад слоганам “Беражы сябе і свае грошы” (з тэматычным акцэнтам на пытаннях лічбавай дасведчанасці ў фінансавай сферы). З 22 па 28 сакавіка 2021 года ва ўстанове адукацыі былі арганізаваны мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне фінансавай дасведчанасці маладога пакалення.

У рамках мерапрыемстваў тыдня фінансавай дасведчанасці школьнікі пазнаёміліся з асноўнымі паняццямі і прынцыпамі фінансава дасведчаных паводзін, даведаліся больш падрабязна пра лічбавую бяспеку, сталі ўдзельнікамі алімпіяды па фінансавай дасведчанасці.

Фінансавая асвета можа быць не толькі карыснай, але і цікавай. Гэта паказалі тэматычныя мерапрыемствы: гульня “Фінансавы лабірынт”, інтэрактыўныя заняткі “Сучасны супермаркет”, інтэлектуальная гульня “Эканамічны калейдаскоп”, практыкум “Адкрый у сабе прадпрымальніка”.

У навучэнцаў старшых класаў выклікала цікавасць адукацыйная прэзентацыя “Лічбавая дасведчанасць у фінансавай сферы”. Урок пазнаёміў з навінкамі тэхналогій у фінансавым асяроддзі, а таксама навучыў бяспечна арыентавацца ў лічбавым свеце грошай. Асаблівая ўвага была ўдзелена бяспечным паводзінам у інтэрнэце і выкарыстанні мабільных гаджэтаў пры правядзенні фінансавых аперацый. Моладзь даведалася, як трэба сябе паводзіць, каб умела карыстацца дасягненнямі лічбавых тэхналогій і зберагчы свае грошы ад ашуканцаў.

Велізарную дапамогу педагогам пры падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў па фінансавай дасведчанасці аказаў сайт Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь “Адзіны партал фінансавай граматнасцi”, дзе кваліфікаваныя спецыялісты падрыхтавалі прэзентацыі і інфармацыйныя матэрыялы.

Тыдзень прыцягнуў увагу моладзі да неабходнасці развіваць свае фінансавыя навыкі. Лічбавыя тэхналогіі даюць больш магчымасцей у жыцці і вольнага часу на любімыя справы. Карыстацца імі зручна і прыемна. Але трэба ведаць і выконваць асноўныя правілы бяспекі, якія дазваляюць мінімізаваць рызыкі быць падманутым ашуканцамі, якія спрабуюць скрасці грошы.

 

Людміла СТАНКУЦЬ,
дырэктар
Геранёнскай сярэдняй школы
Іўеўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий