- ШАГ

Нягневіцкія школьнікі дапамогуць прытулку

 

У 7-м класе Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна ў рамках праекта ШАГ праведзена класная гадзіна “У прыроды ёсць сябры – я і ты”, галоўная задача якой – выхаванне гуманных агульначалавечых якасцей – клапатлівасці, спагады, пачуцця адказнасці за прыручаных жывёл.

На мерапрыемстве прысутнічала Катлоўская Алена Віктараўна, педагог-арганізатар школы, зоаабаронца і проста неабыякавы чалавек.

Вучні даведаліся пра каляндар экалагічных дат, пазнаёміліся з місіяй Сусветнага дня абароны жывёл, пранікліся глабальнай праблемай імклівага знікнення на зямлі прадстаўнікоў флоры і фауны.

Сямікласнікі абмеркавалі выказванні вялікіх людзей пра прыроду і экалагічныя праблемы, разважалі над тым, што трэба зрабіць людзям, каб абараніць жывёл. Выказванні былі розныя: ахоўваць прыроду, ствараць запаведнікі, змагацца з браканьерамі, будаваць ачышчальныя збудаванні, адмяніць моду на футра, не выкідваць смецце ў рэкі і азёры, дапамагаць бяздомным жывёлам.

Дзеці вырашылі, што да жыхароў аграгарадка можна звярнуцца з заклікамі не смеціць, не кідаць хатніх жывёл, падкормліваць птушак зімой.

А.В.Катлоўская расказала пра створаны неабыякавымі людзьмі ў Навагрудскім раёне пункт часовага ўтрымання жывёл “Хутар”, у якім змяшчаюцца бяздомныя сабакі і каты. Прапанавала вучням адказаць на пытанне, ці не задумваліся яны, для чаго чалавек заводзіць сабе ў доме кацянятка, сабаку, папугайчыка ці рыбак? Што даюць жывёлы чалавеку?”

Алена Віктараўна прапанавала правесці акцыю “Дапаможам тым, хто не можа дапамагчы сабе сам”. Яна расказала, што арганізатары прытулку робяць добрую справу не за зарплату, а па закліку сэрца і бязмежнай любові да жывёл. У “Хутара” няма спонсараў, няма дапамогі ад дзяржавы, пункт існуе дзякуючы ўласным сродкам і ахвяраванням неабыякавых людзей.

Сямікласнікі адгукнуліся на ініцыятыву і выступілі з прапановай арганізаваць паездку на “Хутар”, каб аказаць пасільную дапамогу ў добраўпарадкаванні, а таксама сабраць неабходныя для прытулку рэчы.

 

Алена КРАСОЎСКАЯ,
класны кіраўнік 7-га класа
Нягневіцкай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий